Старонка:Беларускае Адраджэнне ў XVI сталецьці.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

барай Радзівіл. Польская каталіцкая партыя не перашкаджала Жыгімонту-Аўгусту весьці толерантную рэлігійную політыку, якая скончылася прывілеем 1563 году, які офіцыяльна зьнішчыў конфэсыянальны артыкул Гарадэльскага прывілею (1413). Але яна не магла дапусьціць ні спачуваньня протэстанцтву, ні ўтварэньня самастойнае дынастыі ў Літве. Слабавольны кароль паддаўся каталіцкай партыі. Жыгімонт-Аўгуст зьдзейсьніў яе програму, прысьпяшыў утварэньне вуніі ў Любліне сваім удзелам, але застаўся да канца верны сваёй вольнай рэлігійнай політыцы.

Таксама выдатным прадстаўніком беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня быў літоўскі канцлер Леў Сапега, які меў вялікія маемасьці на Беларусі і ў Падляхіі. Ужо ў маладых гадох Леў Сапега выявіў свае надзвычайныя здольнасьці. Скончыўшы першапачатковую адукацыю, Сапега быў накіраваны ў Лейпцыг дзеля атрыманьня вышэйшае адукацыі. У Лейпцыгу ён больш за ўсё займаўся філёзофскімі і юрыдычнымі навукамі. Леў Сапега вярнуўся на бацькаўшчыну, калі ўжо на трон узыходзіў Жыгімонт III. Політычная кар'ера Льва Сапегі, дзякуючы яго вялікім здольнасьцям, была вельмі шпаркая. На 23 годзе свайго жыцьця Леў Сапега быў прызначаны сакратаром Вялікага Княства Літоўскага. У 1584 годзе ён едзе паслом у Маскву. У 1600 годзе Леў Сапега ў другі раз едзе паслом у Маскву, дзе яму пашчасьціла ўлажыць часовае замірэньне на 20 год. Ужо пасьля звароту з першага пасольства Сапега атрымаў годнасьць падканцлера. Будучы падканцлерам, Сапега шмат дапамагаў абраньню на літоўска-беларускі пасад швэдзкага каралевіча Жыгімонта Вазы. Дзякуючы гэтаму, паміж новым каралём і Львом Сапегай устанавіліся вельмі блізкія адносіны. Пад націскам літоўска-беларускае шляхты Жыгімонт III даручыў Льву Сапегу перагледзець Статут 1566 году і дадаць яго. Гэтую працу Сапега вельмі трапна выканаў, і ў 1588 годзе Літоўскі Статут быў офіцыяльна зацьверджаны каралём. Уложаны Статут быў надрукаваны ў Вільні ўласным коштам Сапегі. Статут новае рэдакцыі, зьяўляючыся адбіткам дзяржаўна-політычнае правасьвядомасьці літоўска-беларускае шляхты, выяўляе у той самы час здольнасьці і талент самога Льва Сапегі. Дакладная праўная мова новага Статуту, сыстэматычная распрацоўка паасобных праўных проблем, складнасьць, яснасьць і выразнасьць пабудаваньняў, - усё гэта яскрава высьвятляе як здольнасьці, гэтак і веды Льва Сапегі. Выдадзены тэкст Статуту мае прадмову, напісаную самім Сапегам. Апроч таго, у вабарону Статуту Сапега казаў на сойме прамову. Абодва гэтыя творы зьяўляюцца яскравым адбіткам філёзофска-праўных паглядаў літоўскага пад-канцлера. Леў Сапега стаіць на пункце пагляду індывідуалізму і вольнасьці асобы. Уся яго прадмова ёсьць абарона вольнасьці асобы, якая цалкам адпавядае паглядам старых філёзофаў і мудрацоў. Паводле пагляду Льва Сапегі, нормальная дзяржава павінна грунтавацца на законе. Тыя дзяржавы, якія маюць добрыя законы, захоўваюць сваю цэльнасьць і недатыкальнасьць. У вадваротным выпадку зьяўляецца анархія і бязуладзьдзе.

Канцлер Леў Сапега заставаўся верным сваім гуманістычнам ідэям да канца свайго жыцьця. Ён не падпаў пад уплыў каталіцкае царквы і айцоў езуітаў. Беларускі гуманіст быў супраціўнікам рэлігійнага фанатызму. Дзейнасьць Іосафата Кунцэвіча ў Віцебску выклікала рэзкі протэст з яго боку - ён напісаў ліст да рэлігійнага фанатыка, полацкага вуніцкага архібіскупа (1621). Рэлігійная вольнасьць - патрэбна. Калі яўрэі і татары маюць права мець сынагогі і мячэці, дык чаму-ж зьдзеквацца над хрысьціянамі і рабіць ім крыўды і абразы?