Старонка:Беларускае Адраджэнне ў XVI сталецьці.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі


Трэ' было падтрымліваць у грамадзянстве нахіл да царкоўнае старасьветчыны, да яе традыцый, і дзеля гэтага даць чытачу навучальнае чытаньне, а царкве — патрэбныя кнігі для набажэнства. Адсюль вынікла патрэба ў шырокай організацыі друкарскае дзейнасьці, якая-б ахапіла ўсю тэрыторыю. Гэта магчыма было толькі ў тым выпадку, калі-б друкарская справа была пабудавана на комерцыйнай падставе, калі-б у організацыю друкарскае справы былі-б укладзены вялікія капіталы. Прадстаўнікамі такога праваслаўнага консэрватыўнага руху зьявіліся браты Мамонічы, — Кузьма, віленскі бурмістар, і Лука, скарбнік Вялікага Княства Літоўскага, які меў значныя матар’яльныя сродкі і дапамагаў грашыма друкарні. Мамонічы шырака разгарнулі сваю справу, спачатку разам з Пётрам Мсьціслаўцам, а потым і самастойна, пасьля разрыву з апошнім. З друкарні Мамонічаў выходзіла шмат кніг, якія прызначаны былі для патрэб праваслаўнае царквы. Мамонічы здалелі паставіць сваю справу на цьвёрды грунт, калі яны атрымалі ад вялікага князя літоўскага прывілей на монопольную продаж кніг. Усе кнігі, якія прывозіліся ў Вільню і прадаваліся там, падлягалі конфіскацыі.

Забясьпечыўшы сябе праз прывілей, Мамонічы зрабіліся ўжо менш ортодоксальнымі ў сваёй дзейнасьці. Яны пачалі друкаваць кнігі і ў польскай мове, а пасьля сьмерці абодвух братоў, калі ўласьнікам друкарні зрабіўся сын Лукі, Леў Мамоніч, які перайшоў у 1614 годзе а вунітаў, друкарня Мамонічаў страціла сваё значэньне культурна-гуманістычнага кутка з рэлігійна-консэрватыўным адценьнем.

Друкарня Мамонічаў друкавала кнігі ў царкоўна-славянскай мове. Фундатары друкарні адносіліся зусім адмоўна да нацыянальнага руху і да ўжываньня народнае мовы ў кнігах сьвятога пісьма. Як ортодоксалістыя, Мамонічы павінны былі заняць выразна адмоўную позыцыю як адносна рэлігійнага рэформацыйнага руху, гэтак і адносна народнае простае мовы. Мамонічы ня думалі аб асьвеце свайго народу. Як гандляры, Мамонічы ішлі насустрач шляхоцка-мяшчанскім плыням, бо толькі прадстаўнікі апошніх былі пакупнікамі кніг, якія былі выдадзены ў іхняй друкарні. Але ўсе-ж ткі нацыянальна-культурная традыцыя была настолькі моцная, што нават у выданьнях Мамонічаў яна знаходзіла сваё адбіцьцё, хаця-ж і досыць слабое.