— Э-э… дык ён яшчэ больш забагацее.
(Моцна спяваюць старцы. Да касцёла накіроўваюцца пан з панічом. Паніч у форме расійскага афіцэра. На першых усходах касцельнага ганка пан спыніўся, і лёкай пачаў знімаць з яго пыльнік. Раптам падскочылі два мешчанчукі, адапхнулі лёкая і самі раздзелі пана. Пан кінуў ім рубель. Паніч стаіць і смяецца).
Першы мешчанчук. Цяпер піва смальнуць?
Другі мешчанчук. Пачакай, можа яшчэ каго бог пашле.
Сёмка Марэйна (да мешчанчукоў). Ураджай збіраеце?
Мешчанчук. Маўчы, дурань.
(За ўсёй гэтай сцэнай пільна сочыць Мазавецкі, стоячы на касцельным ганку, ён не зводзіць вачэй з пана. 3 лёкайскай прыніжанасцю ён шапку трымае ў руцэ. Як толькі пан рушыў ісці ў касцёл, Мазавецкі кінуўся цалаваць яму руку).
Мазавецкі. Дзень добры, вяльможны пане.
Пан. Дзень добры, Мазавецкі, што скажаш?
Мазавецкі. Я чуў, вяльможны пане, што робіце ласку, прадаваць зямлю.
Пан. А які інтарэс маеш?
Мазавецкі. Я, ласкавы пане, хачу купіць.
Пан. Не купіш.