Леапольд Гушка. Хаваў.
Палкоўнік. Нашто ты яго хаваў?
Леапольд Гушка. Папытайцеся ў яго самога.
Палкоўнік. А я хачу, каб ты сказаў… Ну… маўчыш? Мы можам і мякка гаварыць. Мне цябе шкада. Раскажы пра Евеля Цывіна ўсё. Цябе караць не будзем.
Леапольд Гушка. А хіба вам цяжка яго самога папытаць?
Палкоўнік. Ты просты чалавек. Ты гора ведаў. Ты можаш людзей любіць… Так, так… любіць. А для гэтага трэба знішчыць усіх бунтаўшчыкоў, якія сеюць неспакой, трывогу, кроў, агонь… Як чалавек, кажу табе, мне цябе шкада.
Леапольд Гушка. Я маю практыку. Чым больш на мне жылы рвалі, тым больш мяне шкадавалі. А што да трывогі і крыві, дык кроў льецца на вайне, а тыя, пра каго вы гаворыце, — кажуць: — не трэба ні вайны, ні крыві. Хто больш дбае пра дабро чалавеку: вы, ці яны?
Палкоўнік. Гэта Евель Цывін так гаворыць?
Леапольд Гушка. Нашто Евель Цывін. Гэта я гавару.