Перайсці да зместу

Старонка:Бацькаўшчына (1934).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Жонка. Я ведаю, што я гавару. Калі што трэба рабіць, дык і без нас зробяць. Мала Адася папацягалі па астрогах. А што за карысць. Ад гэтага нам лепш стала жыць, ці што?

Леапольд Гушка. Што ты гаворыш?

Жонка. Я ведаю, што я гавару. Бачыла я калі прасветлую гадзіну? Або Марыльчына дзіця ўрадзілася на вялікае шчасце? Калі я была галодная, дык не ела. Калі я была хворая, дык не лячылася.

Леапольд Гушка. Ты як-бы мяне ўпікаеш. Што, я не стараўся, не рабіў, не біўся, як рыба аб лёд? Калі я плечы разгінаў?

Жонка. Я цябе не ўпікаю. Ты стараўся, ты рабіў, ты плеч не разгінаў. Што я табе на гэта скажу. Але можа быць… Можа хто спрытней мог павярнуцца на свеце, той мог і не гараваць, а жыць.

Леапольд Гушка. Дык што ты ад мяне хочаш?

Жонка. За ўсё жыццё цярплівасці маёй не хапае. Чалавек не вытрымае гэтак жыць.

Марылька (з‘яўляецца ў дзвярах). Тата, выйдзі на хвілінку ў сенцы (выходзіць з Леапольдам).