Гэта старонка не была вычытаная
ДРУГІ АКТ
Фронт. Акопы. Світае. Далёкая кананада рэжа неба чырвонымі маланкамі.
Кавалак акопа. Салдаты. Сярод іх Адась Гушка і Павал Няміра.
Увесь час раз-по-разу чуцён страшны енк аднаго чалавека дзесьці здалёку.
Павал Няміра. Не вытрымаю. Божа мой.
Салдацкі шэпт. Ціха, зараз у атаку пагоняць. Там яму хто-небудзь канцы зробіць.
Мацнейшы шэпт. Трэці дзень без перастанку стогне. Ляжыць паміж акопаў. Ён, здаецца, першы дзень крычаў, што ў яго ногі патрушчаны?
Шэпт. Гэта немец. Ён панямецку нешта лапатаў.
Шэпт. Не, гэта наш. Пазаўчора ён яшчэ прасіў, каб яго забралі.
Шэпт. Чуеце? Ён ужо просіць, каб хто-небудзь злітаваўся з яго і застрэліў яго.