Адась Гушка. Бацька!.. Што ты тут робіш?
Леапольд Гушка. Адась!.. Адаська!..
Прыстаў. У камеру. (Арыштаваных павялі ў ратушу).
Леапольд Гушка. А тады гараваць больш не буду… І Адаську бог дасць з турмы выпусцяць. Абы зямлі. Абы падданства. Тады я гараваць больш не буду.
(Прыстаў ідзе ў ратушу. Група старцоў з торбамі ідуць паўз ратушу. Леапольд Гушка паглядзеў ім услед, падняў рукі ўгару, хапіўся за галаву).
Божа, божа. Божа ласкавы…
(Моцна звоняць касцельныя і царкоўныя званы. Насустрач адна адной ідуць каталіцкая і праваслаўная працэсіі. Перад каталіцкай працэсіяй крыжаносец — Мазавецкі ў закрыстыянскай комжы. Перад праваслаўнай працэсіяй — крыжаносец Сурвіла. Каталіцкая працэсія спявае: „Пшэнайсвентшы сакрамент“… Праваслаўная працэсія спявае — „Спаси, господи, люди твоя“… Працэсіі стыкаюцца крыж да крыжа. Ні ўзад ні ўперад. Усё сціхае, застывае на месцы.)
Мазавецкі. Пане Сурвіла, падайцеся крыху ў бок. Нам-жа размінуцца трэба.
Сурвіла. Яно то вам, пане Мазавецкі, спрытней было-б падацца на бок: у вас менш пратэсаў.