Перайсці да зместу

Старонка:Бацькаўшчына (1934).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Прыстаў. Панятна.

Сурвіла. Свінні ў мяне, дзякуй богу, на кілбасы кормяцца, пчолы ў мяне, дзякуй богу, на мёд рояцца, каровы ў мяне, дзякуй богу, на масла дояцца, авечкі ў мяне, дзякуй богу, на мяса плодзяцца… бог дасць здароўя — будзе і ўсё.

Прыстаў. Так-с.

Сурвіла. Я такі чалавек.

Прыстаў. Панятна.

(Ідзе да іх Леапольд Гушка з прашэннем у руках).

Сурвіла. А гэта той самы чалавек, пра якога я наконт падданства гаварыў.

Прыстаў. Інцярэсна. (Бярэ ў Леапольда Гушкі з рук прашэнне). Зямлі захацеў свае?

Леапольд Гушка. Але, паночку.

Прыстаў. А як дагэтуль жылі?

Леапольд Гушка. За парабка ў пана былі.

Прыстаў. А чаму больш не быў за парабка?

Леапольд Гушка. Пан прагнаў.

Прыстаў. Жыць думаеш на сваёй зямлі?

Леапольд Гушка. Але. Мне абы бог даў падданства як расійскае прыдбаць.

(Паліцэйскія вядуць арыштаваных Адася і Данілу Раўтовіча. Сурвіла адыходзіць).