Паліцэйскі. Ну, дык і гуляй. Мы табе дзеўку пакідаем. (Рагоча). А вы — марш… (выводзяць арыштаваных).
Ульяна. Сэрца маё чула…
(Уваходзяць два мешчанчукі. Садзяцца за стол).
1-шы мешчанчук. Ну, павялі двух… Эй, піва, піва сюды…
(Уваходзяць Мазавецкі, Сурвіла і сяляне).
Мазавецкі. А божа мой, божа… Ізноў занята… Толькі што мы гэта месца абзадачылі.
Мешчанчук. Як абзадачылі?
Мазавецкі. Мы раней гэта месца нагледзелі.
Мешчанчук. Адступнога на кварту гарэлкі.
Мазавецкі. Што ты, чалавеча, выдумаў, няхай ад цябе бог не адступіцца.
Мешчанчук. На кварту гарэлкі, іначай не пусцім за стол.
Мазавецкі. Можа на поўкварце сыдземся?
Сурвіла. На. (Дае на кварту гарэлкі. Мешчанчукі выходзяць). Колькі вас тут?
Сяляне. Чалавек можа дваццаць будзе.
Сурвіла. На кожнага капеек чатыры прыдзецца накінуць. Бачыце, што канцаляра была занята. Прышлося даваць адступнога.
(Садзіцца за стол. Сяляне даюць грошы)