З аднэй судовай пастановы гаспадарскага суду відаць, што артыкул 20 аднаўляе судовую практыку, якая знайшла сваё выяўленьне ў спэцыяльным законадаўчым акце:
Каля 1516 году скардзіўся стараста Жамойцкі п. Станіслаў Яновіч на біскупа Віленскага Вайцеха, што той гвалтам забраў сенажаці, якія ён здаўна трымаў. Біскуп адказваў, што сенажаці, наадварот, здаўна яго. Пан стараста спасылаўся на сьведак, якія пацьвердзілі, што сенажаці сапраўды старасты:
„ино господаръ его милость, съ паны радами своими о томъ межи ними досмотревши, подлуг тое уставы, которую его милость первей сего уставилъ: „хто што кому на поли озметь, а человека вдарить, або соху зрубаеть, тотъ маеть то вернути и кгвалту двенадцать рублёвъ грошей заплатити; а хто што озметь безъ бою, тотъ то платитъ з навязкою".[1]
Каля 1514 году скардзіліся гаспадару кн. Сьвірскія на п. Юрыя Зіноўевіча, што ён, наслаўшы, гвалтам узяў у іх стада, дваццаць коняй і сорак сьвіран. Судзьдзі пастанавілі аб заплаце за коняй і кароў і апрача таго:
„сказали есмо князем Свирскимъ на пане Юрьи кгвалту дванадцать рублевъ грошей, а на господаря другую дванадцать рублевъ грошей“[2].
Шэраг артыкулаў аб „звадзе", як падставе для злачыннага нанясеньня ран ці забойства, складзена па чужаземных узорах. Некаторыя з іх проста зьяўляюцца перафразоўкай чужых норм, як, напрыклад, артыкул 24—„О зваде вечерней", аснованай на пастанове Вісьліцкага статуту, аб параненьні ў той час, калі была патушана сьвечка[3]; артыкул 25 аб наўмысным параненьні ўзяты з Вісьліцкага Статуту з пастановы аб параненьні ў часе гульні; артыкул 26 аб параненьні каго-небудзь слугою ў часе абароны свайго пана запазычаны з Саксонскага Зерцала[4]. артыкул 27 аб слузе, які ўчыніў галоўшчыну, мае крыніцаю Вісьліцкі Статут; артыкул 28—новага зьместу—які ўстанаўляе тэрміны крымінальнай даўнасьці.
Тубыльнага пахаджэньня артыкул 23 „аб звадах". Ён прадугледжвае шэраг конкрэтных казусаў.
І. Звада, учыненая пры такіх умовах: а) паранены абодва бакі, б) пры адсутнасьці сьведак, в) абодва бакі бяруцца прысягаць. Кіданьне жэраб'я павінна было выявіць каму прысягаць. А прысяга мае толькі адну задачу, даказаць, хто першы пачаў зваду, у выніку чаго адбылося параненьне.