Перайсці да зместу

Старонка:Барысенак. Нацыянальны характар Літоўскага Статута 1529 (канец).pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
Х

Разьдзел III па сваёй істоце зьяўляецца непасрэдным працягам І разьдзелу. Артыкулы „аб вольнасьцях шляхты" — гэта сапраўдная шляхецкая констытуцыя. Асноўнай ніткаю праходзяць упэўненьні вярхоўнай улады аб „захованье старыхъ привилеевъ земскихъ и звычаевъ, которые в тыхъ привилеяхъ описаны, подтвержоны и уфалены" (арт. 6). Аднак, і тут наглядаецца ня толькі фіксацыя папярэдніх парадкаў, але сёе-тое і новае. І тут ёсьць запазычаньні з польскага права, як, напрыклад, артыкул 12 („хто бы кому приганилъ, а назвалъ его, ижъ естъ нечистого ложа сынъ")—узяты цалкам з Вісьліцкага Статуту[1]. У аснове артыкулаў пра „звод шляхецтва" ляжыць ухвала „аб вываде шляхецтва за примоваю"[2]. Некаторыя артыкулы аснованы на судовай практыцы і звычаёвым праве.

Артыкул 12 гаворыць:

„естли бы шляхтичъ шляхтича збилъ; тогды водле обычая правъ дванадцать рублевъ грошей"...

І сапраўды, гэта была норма звычаёвага права, якое ўжывалася ў Літве і Беларусі.

У 1516 годзе скардзіліся на гаспадарскім судзе баяры Эйшышскія Наўкупцы аб захваце зямлі і бойцы, учыненай п. Барташэвічам. Гаспадар для разгляду справы назначыў камісараў.

„Ихъ милость (камісары) тамъ ездили, и тыи земли и сеножати, о которыи они жаловали, имъ присудили и за бои ихъ навязки по дванадцати рублёвы грошай сказали"[3].

Артыкул 15, які рэгулюе асабістыя і маёмасныя адносіны паміж панамі і іх слугамі шляхціцамі, адбівае ранейшую практыку, і, вельмі магчыма, быў унесены ў Статут у інтарэсах служылай шляхты, якая адчула ўжо ўціск ад магнацтва.

Так, напрыклад, у 1517 годзе скардзіўся слуга двараніна гаспадарскага п. Падвірбецкага, Сьцяпан Балтромеевіч, на п. Яна Войтковіча. Калі бацька яго служыў бацьку п. Яна, дык той даў яму зямлю. Але бацька Сьцяпана меў і сваю ўласную маёмасьць: два кані, два валы, дзьве каровы, шасьцёра авец; апрача таго, і матка прынесла ў дом на тую-ж зямлю два валы, клячу, кажух, сукно, верхні акрывак ад пылу (плашч) і іншыя рэчы і дзеўку нявольную. Пасьля сьмерці бацькі яго п. Ян усе гэтыя „статки" забраў, трымаў у сябе і не хацеў аддаць.

На судзе выявілася, што ў Сьцяпана сапраўды рэчы былі ўзяты, аднак учыніў гэта ня пан Ян, а яго цівун Пятро. З гэтай прычыны суд прызнаў п. Яна правым, „а тому Счепану велели того Петра искати"[4]

  1. Максімейко, ук. работа, с. 128.
  2. Р. И. Б. XX. Лит. Метр. І, с. 1114.
  3. Р. И. Б. XX, Лит. Метр. І, с. 410.
  4. Р. И. Б. XX, Лит. Метр. І, с. 462.