духоўных адносінах зрабілі зусім падлеглымі сабе літоўцаў: апошнія пачалі пераймаць у заходнярусаў нажытую імі цывілізацыю, паступова набывалі мову і нават праваслаўную веру. Ужо пры Альгердзе літоўскі ўрад знайшоў патрэбным прызнаць рускую мову офіцыяльнай; за ўрадам пайшло і вышэйшае грамадзтва...
... У гэты час, які разглядаецца намі, беларуская мова ўжо мела ў сабе амаль усе тыя фонэтычныя і морфолёгічныя асаблівасьці, якія характарызуюць яе гукі і формы цяпер; толькі слоўнікавы склад яе і сынтаксычны бок і надалей зьмяняліся і ў наступны час у эпоху польскага ўладыцтва і ўплыву, які быў даволі значным ужо ў XV і асабліва ўзмоўніўся ў XVI сталецьці, і ў наступны час да канчатковага далучэньня Заходняй Русі да Ўсходняй...
... Граць ролю літаратурнай і офіцыяльнай мовы ёй (беларускай мове) прышлося доўга. Толькі ў самым канцы XVII сталецьця яна была выціснута з судова-адміністрацыйнай практыкі польскаю моваю".[1]
Агульныя вывады нашы прыходзяць да наступнага:
1. Сучаснае становішча літаратуры аб Літоўскім Статуце такое, што ў ёй нельга знайсьці цьвёрдых даных для вырашэньня пытаньня аб нацыянальным характары Статутку 1529 году, бо ня вывучаны галоўныя крыніцы яго—судовая практыка і звычаёвае права часу непасрэдна папярэдняга выданьня Статуту. Гэтае дасьледваньне высоўвае ў першую чаргу гэты матэрыял.
2. Характэрнаю асаблівасьцю юрыдычнага жыцьця Літоўскай дзяржавы да выданьня Статуту 1529 г. зьяўляецца панаваньне прынцыпу сэпаратызму, які выявіўся ў існаваньні ў кожнай зямлі сваёй самастойнай сыстэмы звычаёвага права. Карэньні гэтага сэпаратызму ідуць да старадаўняга часу ўтварэньня старадаўня-рускіх зьмель. Параўнаньне Смаленскага Дагавору 1229 году з „Рускаю Праўдаю" паказвае, што ўплыў Рускай Праўды не прыдушыў пачатку мясцовага права. „Руская Праўда" ўспрыймалася ня ў выглядзе цэльнага комплексу норм звычаёвага права Кіеўскай Русі, а ў асобных палажэньнях, падобных з мясцовымі нормамі.
3. Параўнаньне Смаленскага Дагавору 1229 году з Полацкім, Смаленскім, Віцебскім земскімі прывілеямі таксама даказвае, што права беларускіх зямель XV сталецьця зьяўляецца простым працягам ня „Рускай Праўды" ў цэлым, а свайго мясцовага права, якое яшчэ ў XIII сталецьці адрозьнівалася ад права „Рускай Праўды".
4. Літоўскі Урад захоўваў прынцып юрыдычнага сэпаратызму. Гаспадарскі суд ня лічыў магчымым прыстасоўваць да спраў, якія пераходзілі на яго разгляд з асобных зямель, немясцовае права.
- ↑ Акад. Карскій. Русская диалектология. П. 1914, с. 81—82.