гаспадарскага ў часе выкананьня службовых абавязкаў запазычаны з польскай констытуцыі 1510 г.[1]. Крыніцаю артыкулу 7 маглі быць прывілеі 1447 году, Судзебнік Казіміра, прывілеі Смаленскі і Кіеўскі, і, апрача таго, артыкул гэты меў многа прэцэдэнтаў у судовай практыцы. Артыкул 8 аб тым, „хто бы за мало много упросилъ“, унесены ў Статут на падставе спэцыяльнай законадаўчай пастановы Гародненскага сойму 1522 году аб конфіскацыі за самавольна захвачаныя гаспадарскія землі[2].
Аглядваючы пералічаныя артыкулы, ці можна заўважыць у іх перавагу якога-небудзь аднаго нацыянальнага права? Тут выкарыстаны настолькі рознастайны матэрыял, што наўрад ці мелі аўтары Статуту на мэце нацыянальную ідэю.
Артыкул 9 пачынае сабою шэраг норм, устанаўляючы, як выходны момант, роўнасьць усіх (трэба разумець—шляхты) перад новым „пісаным правам“—Літоўскім Статутам. Агульны характар іх таксама констытуцыйны. Аснованы яны на рознастайным матэрыяле. Так, тут ёсьць артыкулы наватарскага характару, як, напрыклад, „устава давности земское", артыкул 27, ці артыкул 18, які ўстанаўляе тэрміны даросласьці не такія, як іх прызнавала звычаёвае права, а іменна 18 год для мужчыны замест 15-ці[3]. Ёсьць палажэньні, аснованыя ў вогуле на польскім праве; так, крыніцаю арт. 21 „хто бы новые мыта уставлялъ"—паслужыў закон, выданы на Кадомскім сойме 1505 г.[4] Ёсьць артыкулы, якія бяруць сваю істоту з прывілеяў, як арт. 14—15. Ёсьць палажэньні, істотаю якіх паслужыла судовая практыка. Каб паказаць, што апошняя сапраўды была выкарыстана пры складаньні Статуту, спынімся на артыкуле 13 — „Хтобы выпустилъ с казни осажоного злочинцу, або виноватого“.
Пры вялікім значэньні прыватнага погляду на правасуднасьць трыманьне ў астрозе таго, хто парушыў права, ці вінавайцу, было справаю выключна прыватнаю. За нагляд над заключным варта атрымлівала асобную плату (павежнае—па Бельскаму прывілею), а за гэта (адзьверныя, варотныя) павінны былі ўважна пільнаваць вязьняў. Аб гэтым складаўся спэцыяльны дагавор, дзе азначаліся ўзаемныя абязацельствы як таго, хто садзіў каго-небудзь „у казнь“, так і таго, хто браў „у свае рукі нетца“. Так, у 1517 годзе дваранін гаспадарскі Галубка дагаварыўся з варотным ковенскага замку Якубам Кунцовічам аб тым, што Галубка дае ў казань гаспадарскую баярына, павету Ясьвенскага, на імя Войдота Жыбіртовіча ў сарака двух копах грошай. Варотны Якуб Кунцовіч павінен быў трымаць у заключэньні таго баярына Войдота „до матки Божое Первое", і ў выпадку, калі-б Галубка ня ўзяў з казані таго баярына ва ўмоўлены