Артыкул 9-ы дае таксу навязак за пакрадзенае ці награбленае быдла.
Па справе 1519 году паміж Крэвенскім чалавекам Янкам Якуцевічам і Абельскім гаспадарскім чалавекам аб бяспраўным грабежніцтве, суд пастанавіў:
„навязати за клячу і за вола по полтине грошей, а за корову по пол-копы грошей; але [не] будетъ ли лицом мети тагды з новезкою совито платити"[1].
Ацэнка вала ў 50 грошай сустракаецца і ў другіх судовых прыгаворах[2], яна пераходзіць у Літоўскі Статут:
„Ино тому цена за вола пятьдесятъ грошей... А хто бы въ кого пограбилъ съ тых скотовъ, а што-бы умерло; тогды маеть зъ навезкою речъ платити".
* * *
Можна было-б працягнуць ілюстрацыю таго, як шырока ўлілося ў Літоўскі Статут 1529 году права, якое „з вековъ у панстве" было, старадаўні звычай, права земскае. Але мы ня мелі на мэце дасьледаваць ува ўсім абдыме судовую практыку і звычаёвае права, як крыніцу Літоўскага Статуту. Для нашай мэты прыведзеныя конкрэтныя прыклады павінны былі падкрэсьліць, што пры існаваньні ў кожнай з зямель літоўскай дзяржавы свайго мясцовага звычаёвага права, у Літоўскі Статут увайшло права, якое дзейнічала ў галоўнай яе частцы, якраз у Літоўскім княстве, ва ўласным сэнсе. Пры складаньні Статуту ня было выкарыстана ні звычаёвае права рэшты беларускіх зямель, ні права зямель украінскіх.
Тэрыторыя ўласна Літоўскага княства, — ці, вярней, Літоўска-Беларускага, — было тым месцам, адкуль ішлі творчыя плыні, якія стваралі, хоць і вельмі паступова, права, якое ўзвышалася над усёю рэштаю мясцовых звычаёва-праўных сыстэм. Гаспадарскі суд быў фактарам, які часткова выяўляў, часткова ўтвараў гэтае адзінае для ўсёй Літоўскай дзяржавы права. Нормы права, якія прыстасоўваліся ці былі абавязковы, раней за ўсё для самой Літвы, але, дзякуючы сваёй найвышэйшай аўтарытэтнасьці, іх дзейнасьць пашыралася на ўсе мясцовыя справы, якія ішлі на яго разгляд. Усё-ж пры колізіі права мясцовага з правам літоўска-беларускім, першае не заўсёды траціла сваю моц. Яго гаспадарскі суд паважаў, па магчымасьці лічыўся з ім, але, разам з тым, ня ведаў, ня мог ведаць, ды і ня цікавіўся ім.
Такое было становішча рэчаў, калі надышоў момант для ўтварэньня адзінага для ўсёй дзяржавы кодэксу.