Старонка:Барысенак. Нацыянальны характар Літоўскага Статута 1529.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзяржавы, адыходзіла, мабыць, на задні плян. Цікавы факт: зямляўласьніцкая кляса Літоўскай дзяржавы ўвесь час надзвычайна ўпарта працівілася праніканьню польскага элемэнту, адчуваўшы сваю „рускую" нацыянальную адмежаванасьць, аднак, у справе законадаўства прыняла проект кодэксу, многія палажэньні якога былі ўзяты з права польскага. Літоўска-руская шляхта не хацела мець каля сябе палякаў, і ў той-жа час прымала многія модыфікаваныя палажэньні польскага права.

Проф. Максімейка даказаў, што аўтары Статуту 1529 году пісалі палажэньні крымінальнага права, маючы перад сабою законадаўчыя помнікі польскага права. Цікавым зьяўляецца самы факт зваротку да польскага права. Ня дзіва, з гэтай прычыны, што аўтары ўнесьлі ў Статут цэлы шэраг такіх норм амаль тэкстуальна. Такімі зьяўляюцца арт. 6, разьдзел І—аб замаху на ўрадніка гаспадарскага; арт. 21, разьдзел І—аб адказнасьці за ўстанаўленьне новых мыт; арт. 12, разьдзел IIІ—аб зганьбаваньні чэсьці; артыкул 14—15, разьдзел VII—аб забойстве родзічаў і інш.

Можна паказаць яшчэ на запазычаньні з нямецкага права. І адсюль аўтары тэкстуальна выпісвалі некаторыя палажэньні. Так, артыкул 11, разьдзел XIII—„коли бы лице в чіей хоромине за замкомъ знайдено было"—узята цалком з саксонскага зерцала[1].

Хоць чужыя ўзоры наогул сьлізкая глеба для захаваньня ў кодэксе нацыянальнай самастойнасьці, усё-такі, ня прыходзіцца спрашчаць характар рэцэпцыі польскага права. Аўтары Статуту не маглі глядзець на сябе толькі, як на перакладчыкаў, іх работа насіла самастойны творчы характар. Па думцы Максімейка, аўтарам таму прышлося шырока выкарыстоўваць польскае законадаўства, што Статут быў першаю спробаю кодыфікацыі і ў гэтай справе маглі ўзьнікнуць перашкоды ў адносінах формулёўкі законаў[2]. Гэта правільна, але толькі часткова. Юрыстыя, якія працавалі ўсё сваё жыцьцё ў гаспадарскай канцэлярыі, былі даволі спрактыкаванымі, каб даць найлепшую формулёўку любому праўнаму палажэньню. Больш таго. Формулёўка судовых прысудаў гаспадарскага суду часта больш дакладная і ясная, чым адпаведныя формулёўкі Літоўскага Статуту, асабліва ў тых выпадках, калі аўтары бралі за аснову тэкст польскага права.

Шырокае выкарыстаньне польскага права тлумачыцца проста тым, што ўрад павінен быў у працягу некалькіх месяцаў падрыхтаваць проект кодэксу. Зьвязаныя тэрміновасьцю выкананьня заданьня, аўтары хаця-не-хаця прымушаны былі пайсьці ня шляхам прапрацоўкі вялізарнага судовага матэрыялу, а проста ўзялі гатовыя формулы польскіх крыніц, перапрацаваўшы іх адпаведным чынам. Гэтым часткова тлумачыцца і непаўната Статуту: маючы польскі тэкст аўтары іншы раз прапушчалі нормы, якія надзвычайна шырока ўжываліся. Так, напрыклад, артыкул 23, разь-

  1. Максимейко. Источники уг. закон., стар. 179.
  2. Ib., 127.