Старонка:Барысенак. Нацыянальны характар Літоўскага Статута 1529.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прычынаю значнай прапановы асобнымі зямляўласьнікамі сваіх зямель па продаж"[1]. Аднак, грамадзянскаму звароту, які разьвіўся, перашкаджаў юрыдычны сэпаратызм, адсутнасьць агульных спраў усёй шляхецкай клясы норм матэрыяльнага права і дакладна вызначаных законам норм процэсу.

Папераджальнікамі Літоўскага Статуту 1529 году, як законадаўчага помніка, зьяўляецца цэлы шэраг асобных законаў, выданых у першай чвэрці XVI сталецьця ў форме „ухвал" і „устав", якімі рэгуляваліся некаторыя пытаньні матэрыяльнага і процэсуальнага права.

Аднак, ні паступовае ўтварэньне агульна-дзяржаўных звычаёва-прававых норм, ні асобныя законадаўчыя акты не маглі задаволіць патрэбы ў сыстэматызаваных агульных нормах, патрэбных для грамадзянскага звароту. Трэба было зрабіць далейшы рашучы крок у аб'яднальным процэсе права Літоўскай дзяржавы, адмовіцца ад аўторытэту старадаўняй праўнай традыцыі, якая панавала ў юрыдычным жыцьці. Законадаўца ўжо стаў на шлях вольнай творчасьці, хоць, зразумела, вельмі нясьмела ў першыя часы. Кодэкс павінен быў падраўняць усе асаблівасьці праўных сыстэм асобных зямель, паклаўшы ў аснову панскую зямлю і ўсе політычныя і экономічныя інтарэсы, зьвязаныя з ёю.

Гісторыя кодыфікацыйных работ, якія скончыліся выданьнем Статуту 1529 году, небагата зьвесткамі. Вядома, што ўпяршыню ў 1501 годзе сам урад заявіў аб неабходнасьці кодыфікаваць законадаўства. Аднак, ініцыятыва ў гэтай справе перайшла ў рукі шляхецкай клясы. На вялікім вальным сойме ў Вільні 1514 году ўсе станы сойму выявілі жаданьне, каб гаспадар дараваў ім пісаныя правы і законы.

Тое-ж самае пытаньне было паднята ў 1522 годзе на Горадненскім сойме і тады-ж гаспадар з Панамі-Радаю „праве имъ прирекли дати и тыи вси члонки, какъ ся подданыи наши мають справовати и радити, казали... выписати"[2]. Праз два месяцы пасьля гэтага ў тым-жа годзе ў Вільні адбыўся вялікі вальны сойм. Галоўным пытаньнем на ім было заслуханьне і абмеркаваньне ўрадавага проекту статуту. Такім чынам, у працягу надзвычайна кароткага часу (некалькі месяцаў) урад падрыхтаваў проект кодэксу і прапанаваў сойму на абгаварэньне.

Разгляд гэтага проекту соймам даў аснову ўраду лічыць яго зацьверджаным „всею землею" і ён у тым-жа 1522 годзе выдаў спэцыяльны эдыкт аб увядзеньні ў жыцьцё Статуту і, каб як можна скарэй правесьці яго ў жыцьцё, загадвалася надрукаваць ў яго многіх экзэмплярах. Аднак, урад вельмі пасьпяшаўся, бо Статут законнай моцы яшчэ не набыў.

  1. Пічэта. Зямельнае права ў Статутах 1529 і 1566 гадоў. — Працы Белар. Дзярж. Унів. ў Менску 1926 г., № 11, стар. 90.
  2. Любавский. Литовско-Русский Сейм. М. 1900, стар. 227.