Старонка:Барысенак. Нацыянальны характар Літоўскага Статута 1529.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Права недарослых дзяцей не адказваць па ісках на бацькаўскую маёмасьць—старадаўны звычай усёй Літоўскай дзяржавы. Гэта норма была сформулявана ў вырашэньні гаспадарскага суду каля 1514 году па справе п. Літоворавай з баярамі Дзержковічамі:

„Хто по своемъ животе, будучи чого въ держаньи дѣти по себе зоставить малы, тым дѣти мають того быти въ деръжаньи, на чомь отецъ ихъ—ихъ зоставилъ, до летъ своих, а какъ летъ будуть мети, тогды мають кожъдому права достояти".[1]

У 1509 годзе скардзіўся пан віленскі, стараста берасьцейскі князь Аляксандар Юравіч на п. Войцеха Яновіча, што апошні, прышоўшы гвалтам на яго падвор'е ў замку віленскім, паадбіваў замкі ад камор, паразганяў вартаўнікоў, дзякуючы чаму шкода вялікая сталася. Пан Войцех абараняў сябе тым, што ўчыніў ён усё „з росказанья господара", але сам нічога з рэчаў ня браў. Ён прапанаваў ісцу прысягнуць. Гаспадар з Панамі-Радамі пастанавілі:

штожъ зъ вековъ въ панънстве нашом праве есть таковое: какъ богатому, так убогому таковая речь завжды маеть плачона быти подъ присягою“[2].

У 1519 г. Паны-Рада разглядалі скаргу Венцеславой Скіндзярэвіча Ганны з дзеверам яе Янам Скіндзярэвіча на Юрыя Сіруцэвіча аб тым, што Сіруцэвіч Венцеслава „казавъ забити также въ дому своемъ ажъ на смерть". Пан Сіруцэвіч адхіляў гэта абвінавачаньне і даказваў, што на забойства „направы і волі ня было". У сутнасьці, абвінавайцы ня мелі важкай і простай даказнасьці, браліся прысягнуць, што сьмерць Скіндзярэвіча, дзякуючы яму здарылася. Паны-Рада вынесьлі прыгавор, кіруючыся нормаю звычаёвага права:

„и мы, тому поразумевшы, ижъ тотъ обычай есть и право въ панстве господаря нашого: „коли въ чиемъ дому будеть гость раненъ або вбитъ, маеть вбийца господарь домовый искати, а головщину маеть самъ платити".

Тэрмін прысягі быў таксама ўстаноўлены на падставе звычаю: „водле обычая и права земского, третий день“[3].

У 1503 годзе судзіліся перад гаспадаром п. Олбрахт Гаштольт з п. Янам Радзвілам з-за таго, што пані Гальжбета, жонка Яковая, а сястра Олбрахтовая, па сьмерці сваёй, ня маючы дзяцей, адпісала свой пасаг мужу. Пан Ян, лічачы, што гэта падсудна духоўнаму суду, адазваўся „да сьвятога бацькі папы". Вялікі князь вельмі катэгарычна адхіліў гэтае дамаганьне, спасылаючыся на звычай:

  1. Р. И. Б.. XX, Лит. Метр., І, стар. 843.
  2. Р.И. Б., XX. Литов. Метр., І, с. 599.
  3. Малиновский. Сборник матер., относящихся к истор. Панов-Рады вел. кн. Литов., Томск. 1901, стар. 380.