Старонка:Барысенак. Нацыянальны характар Літоўскага Статута 1529.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тоўскага ўраду выявілася патрэба ў выданьні агульна-дзяржаўнага кодэксу, дык ён зусім лёгічна рабіў вывад, што выданьне і дзейнасьць прывілеяў павінна спыніцца. Пры пацьвярджэньні ў 1501 г. прывілею Валынскай зямлі, была ўнесена ў яго абмоўка:

„а то имъ маемъ всѣ держати тые члонки, што въ семъ нашомъ листѣ верху стоять выписаныя, до тых часовъ, покій права Статуты въсей земли отчизнѣ нашой великому князству Литовскому вставимъ; а коли права Статуты у въ отчизнѣ нашой уставимъ, тогды всі земли наши адного ся права держати мають и адным правом сужоны будуть подлѣ Статуту".[1]

Паміж тым, судзебнік Казіміра і не прэтэндаваў адхіліць дзейнасьць звычаёвага права ў кожнай асобнай зямлі, і выданьне і пацьвярджэньне земскіх прывілеяў цягнулася і пасьля яго. Так, напрыклад, пастановы судзебніка аб адказнасьці злодзея былі падобны з Кіеўскім прывілеем і рэзка адрозьніваліся ад пастаноў Віцебскага прывілею[2]. Аднак, гаспадарскі суд, як гэта было паказана вышэй, зусім ня меў замеру нікому навязваць звычаяў, якія дзейнічалі ў Літве, а прызнаваў у поўнай меры дзейнасьць звычаяў мясцовых.

Пры поўным панаваньні сэпаратызму ў праве Літоўскай дзяржавы можна, аднак, прыкмеціць у практыцы гаспадарскага суду аб'яднальны струмень—поруч з мясцовымі звычаямі ўжываліся і існавалі нормы, якія мелі агульна-дзяржаўнае значэньне. Пахаджэньне іх можна вытлумачыць часткова падабенствам па істоце норм, якія ўжываліся ў розных землях, часткова творчай работай гаспадарскага суду, якому прыходзілася шляхам прэцэдэнту ўтвараць новыя нормы, якія зусім адсутнічалі ў мясцовай звычаёва-прававой сыстэме.

Вось некаторыя нормы звычаёвага права, якія мелі агульна-дзяржаўнае значэньне.

Права ўдавы, якая ня вышла другі раз замуж, карыстацца маёмасьцю свайго мужа ёсьць звычай агульны для ўсяго княства Літоўскага. Так, у 1522 годзе пані Пятровая Яновіча, ваяводзіная Троцкая на судзе заявіла супроць дамаганьняў п. Пятра Станіславовіча, ваяводы Полацкага:

„имъ отецъ его, панъ Станиславъ о томъ се позывалъ, и вже дей мне съ нимъ право было и мене ваша милость, господарь, на вдовьемъ столъцы зоставили, подлугъ права и звычаю стародавного великого князства Литовского“.

Яна прасіла пакінуць яе на ўдоўем стольцы і гаспадар пастанавіў; „маеть она на вдовьемъ столъцы мешкати, как иным вдовы, до живота своего"[3].

  1. Ясинский. Устав. грам., стар. 73.
  2. Ib. стар. 177—178.
  3. Р.И.Б., XX, Литов. Метр., І, стар. 1108.