Старонка:Багдановіч Вянок 1913.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


ВОЗЕРА.

Стаяў калісь тут бор стары
І жыў Лясун у тым бары.
Зрубалі бор, — лясун загінуў.
Во сьлед яго ад тэй пары:
Сваё люстэрка ён пакінуў.

Маўляў у іншы сьвет вакно
Ляжыць, спакойнае, яно,
Жыцьцё сабою адбівае
І ўсё, што згінуло даўно,
У цёмнай глыбіні хавае.