Старонка:Бабарэка Колас.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Характэрна таксама і тое, што йгра Сымона пакідае выяўленым у поэме сьлед толькі ў Ганны, толькі гэта апошняя ад ігры Сымона вяртаецца да жыцьця. Апроч–жа гэтага, яшчэ ў замку яго йгра выклікае ад пана напамінаньне Сымону аб прытрымліваньні языка, аб тым, што „раз мужык — будзь мужыком, маеш хлеб — і жуй цішком, будзь даволен сваёй доляй“. А ў рэшце выпадкаў, апроч прызнаньня за Сымонам таленту, яго песьня падае ў кусты родных зьяў як новае і нячуванае насеньне. У поэме, апроч момантаў непасрэднага ўзьдзеяньня музыкі ў часы ўзьнятае ігры, не выяўляецца дзейнасьць песьні ў часе, не выяўляецца, ці іначацца людзі дарог, карчмы, замку... ад Сымонавай песьні. Пакуль што заслона апушчана на статычнасьці зьяў: жабрак застаецца жабраком, карчма — карчмою, замак — замкам... Толькі Ганна адыходзіць сілаю песьні Сымонавай ад няпрытомнасьці, у якую ўпала яна, гнаная прасьледваньнем Дамяніка. Але насеньне кінута ўва ўсе куты. Сымона чулі ўсюды... І ёсьць ведама, што толькі час выяўляе лёс песьні ў тых кустох і прасторах... А гэта абавязвае ўжо поэтаў рэвалюцыйнай сучаснасьці падслухаць рост песьні–музыкі і выявіць сваімі творамі яе лёс і гісторыю ў сучасных „родных зьявах“...

IV

І гэты скарб...
Для вас, душою чулых,
Як доўг, як дар,
Дае пясьняр.Я. Колас. З прысьвячэньня „Сымона Музыкі“.

Якое–ж значэньне поэмы „Сымон Музыка“? Якая каштоўнасьць гэтага дару?

У разьвіцьці беларускай поэзіі „Сымон Музыка“ — першы монумэнтальны вершаваны твор. Але не монумэнтальнасьцю выяўляецца каштоўнасьць поэмы. Уся веліч „Сымона Музыкі“ ў тым, што гэты дар зьяўляецца адраджэнскаю нацыянальнаю поэмаю творча–мастацкага духу беларускага народу (у постаці яе працоўнага сялянства). Карэньні гэтай поэмы йдуць глыбока ў нетры беларускай народнай вуснай творчасьці. Іх пачатак там, дзе канчаецца народная казка „Музыка й чэрці“ — казка, якая па сіле творчай магутнасьці і глыбіні сваёй ідэі не саступае выдатным творам прыгожага пісьменства дзе якіх народаў, нават і Заходняй Эўропы. Іх пачатак там, дзе разьліта ў прасторах мяккая краса простай, але рознастайнай звычайнасьці беларускай прыроды, на ўлоньнях якой выхавалася ў цяжкіх паднявольных соцыяльных умовах сваеасаблівая культурнасьць „простага люду“, працоўных сялянскіх мас калісь „забранага краю“ з адвечным імкненьнем „да сонца і зор“. Іх пачатак там, дзе высьпелена надзвычайная асабовая адзыўнасьць на самыя няпрыкметныя, здавалася–б, зьявы сілы, пачуцьця, думкі і красы. I як „Фауст“ Гётэ, гэта трагедыя духу мысьлі, што сваімі карэньнямі выходзіць з глыбінь народнай легенды, так і „Сымон Музыка“ — як „казка жыцьця“ эмоцыянальнага духу, духу творча–мастацкага — не забудзецца сярод народаў, што ўзьняліся і ўзьнімаюцца да вольнага жыцьця на калісьці „забраных краінах“ у імпэрыялістычнае ярмо, разьбіўшы Кастрычнікам гэта ярмо. Там, дзе растуць і будуць расьці каласы, там і „Сымон–Музыка“ будзе вольнаю песьняю–гімнам росту гэтых каласоў, бо ў ёй цякуць, зьліўшыся ў адну крыніцу, жывыя воды і з нетраў народнай творчасьці. Нетраў народнага духу–формы, і з патайных куткоў рэальнай прыроды й жыцьця „забраных краёў“, краёў, што ня ведаючы пладоў