Багаты адбітак родных зьяў у музычным слоўна–вобразным выяўленьні! Гэта багацьце прымушае часта нават зварочвацца за дапамогаю да алегорыяў–сымболяў, хоць аднак–жа нельга сказаць, каб яны абагачалі мастацкае выяўленьне „родных зьяў“. У лепшым разе яны або тлумачаць, або ўзмацняюць той ці іншы вобраз, аслабляючы разам з тым адчуваньні, выкліканыя дзейнымі ці то асабовымі вобразамі людзей. Справа ў тым, што алегорыі — гэта не для пачуцьця, а для розуму. Гэтае–ж багацьце выліваецца і ў лірычных адступленьнях у поэме, у якіх Я. Колас выяўляецца ўва ўсёй сваёй сіле мастака.
Разам з тым гэтыя адступленьні й алегорычныя вобразы кажуць і яшчэ пра адзін бок. Багацьце адбітку родных зьяў — багацьце перажываньняў ад іх — як–бы не знаходзіць яшчэ ў мастацкай скарбніцы свайго часу ўдосталь эпічных сродкаў і вобразаў жыцьця для эквівалентнага сабе выяўленьня, а таму змушана выразіцца або настроем у лірычных, поўных сілы й пачуцьця, аўтарскіх адступленьнях, або ў алегорыях, часам падыхаючых і нейкай баечнай штучнасьцю і як–бы вымушанай нацягнутасьцю пры паўтарэньнях аднэй і тэй–жа думкі, хоць і ў розных алегорычных вопратках. Такое выяўленьне роўназначна прыметам і знакам дзеда Данілы, якія чакаюць адпаведнага сабе ажыцьцяўленьня ў рэальных зьявах, каб потым быць сабранымі для мастацкага выяўленьня. Тлумачэньне такому зьявішчу бязумоўна патрэбна шукаць, з аднаго боку, у біографіі поэты, а з другога — у тых соцыяльна–культурных абставінах, у якіх жыў і матэрыял для свае творчасьці чэрпаў поэта. Беларуская грамадзкасьць пары адраджэньня — гэта была яшчэ грамадзкасьць „юнацкая“. Юнацкаю яна была ня толькі па ўзросту дзённых сіл адраджэньня, але й па гадох гісторыі самога адраджэньня. І ёсьць ведама, што невыпадкова Я. Колас і за героя сваёй поэмы бярэ музыку — юнака, якому дзед–пастух перадае дудку й скрыпку. Дзякуючы гэтай моладасьці героя, часам кідаецца ў вочы і мастацкае выяўленьне зьяў „па–юнацку“. Няхай крыху рызыкоўнае параўнаньне, але–ж і нашаніўскай пары ў спадчыну перадаў бацька беларускага адраджэньня Ф. Багушэвіч дудку, смык і скрыпачку (зборнікі поэзіі), у якія сам Багушэвіч увайшоў сваёй душою.
Характэрным у коласаўскім мастацкім выяўленьні „адбітку родных зьяў“ зьяўляецца яшчэ і тое, што ўсе гэтыя зьявы падаюцца ў статычным разрэзе, праз якія Сымон Музыка (дынамічны вобраз) толькі праходзіць, пападаючы ў іх неспадзявана для самога сябе, іх пазнаючы і ад іх адыходзячы, нягледзячы нават на тое, што ня ўсё было цёмным „зло–маўклівым і гнеўна–абурлівым“ у гэтым жыцьці. Нягледзячы на тое, што ў карчме быў Яхім, што ў замку быў Даніла, Сымон толькі любіць іх выслухоўваць, у іх ён як–бы вучыцца разуменьню жыцьця, але ня можа з імі злучыцца так, каб наважыцца да актыўнай якой дзейнасьці, апроч толькі аднаго — гэта ўцяканьня з карчмы па прыкладу Яхіма, а з замку ўжо па нарадзе і пляну з Данілам. Да аднаго толькі ляжыць душа Сымона, да чаго ён імкнецца ўсёй сваёй істотай — гэта прырода і каханая Ганна. З Ганнаю–ж ён, па заключным паведамленьню поэты, пайшоў і „пясьнярскай каляінаю“, а хіба ў нашаніўскую пору ня моладзь была тым полем, якое займалася руньню нацыянальнага і соцыяльнага ўсьведамленьня? Толькі яна і была тэй апораю і натхненьнем, якое жывіла адраджэнскія сілы. Падобна таму як Сымон пазнае радасьць і красу жыцьця толькі ў сугляданьні прыроды, у каханьні ды песьні, а смутак у соцыяльным жыцьці, у параўнаньні яго ўмоваў і быцьця, так і ў песьнях поэтаў–адраджэнцаў сум і туга там, дзе яны выяўляюць рэальнасьць жыцьця, і гэтым сумам нярэдка спавіваецца й радасьць хараства прыроды і чараў каханьня.