самі заключае аб існаваньні ўнутранога жыцьця ўва ўсім, што яго акружае: і ў жывой, і мёртвай прыродзе. Рэальнае веданьне Сымона яму кажа, што, нягледзячы на адсутнасьць з яго боку зьнешняга выражэньня, па якім–бы людзі маглі пазнаць, што робіцца ў яго нутры, у яго ня спыняецца жыцьцё, у яго ёсьць і думкі, і адчуваньні, і імкненьні. Адгэтуль па аналёгіі з сабою Сымон заключае ці, як ён сам выражаецца, „так адчувае“, што і тое, што маўчыць, мае ў сабе жыцьцё. Гэта фактычна адчуваньне сілы ў магчымасьцях, у потэнцыі. І гэта адчуваньне дае багаты матэрыял для яго выабражэньня і стварэньня сапраўды мастацкіх вобразаў, вобразаў жывых, лёгкіх для ўспрыяцьця ўсякага чалавека. Сымон ведае, што зыкі яго граньня, якія ў час ігры разносяцца ў прасторы, ідуць ад яго нутра, з яго самога, адгэтуль уяўленьне аб тым, што і зямля таксама жывая і ўсё, што з яе — „краскі, дзерава, трава“, — гэта знадворнае выражэньне яе нутраной існасьці, гэта імі зямля гаворыць сьвету, гэта імкненьні „яе духу лучыцца з духам сусьвету“. Такім чынам, у Сымона жыве пачуцьце ці адчуваньне, што ня ўсё тое, што ўспрыймаецца зьнешнімі адчуваньнямі, што ня ўсякі зьнешні вобраз тэй ці іншай рэчы адпавядае сапраўднасьці, і што чалавек, які судзіць аб зьявах ці рэчах толькі па іх зьнешняму выгляду, толькі па ўражаньню адзьнешніх адчуваньняў, памыляецца. Каб ведаць сапраўды тую ці іншую існасьць, апроч адчуваньняў патрэбна яшчэ й работа думкі ці, па Сымону, патрэбна разуменьне мовы, зьяў і рэчаў.
Тое–ж у думках і дзеда Данілы. Па яго ўяўленьню, на сьвеце ёсьць шмат загадак, ключы ад якіх у іх прыметах і знаках. Каб разгадаць загадкі, трэба адгадаць гэтыя прыметы і знакі розумам. Гэтыя–ж знакі ёсьць ува ўсім у прыродзе. Розум–жа і служыць, каб „позна–рана зьняць няведаньня пячаць, а той напіс няўчытаны растлумачыць, адгадаць“. Трэба зьняць „уладу нейкіх слоў“, што засланяюць сьвет ад людзкога вока. А фактычна ўсе загадкі ў тым, што Даніла ня ведае рэальных насіцеляў тэй сілы, што можа рэалізаваць і яго імкненьні і жаданьні. Адчуваць, што гэтыя сілы ёсьць, — Даніла адчувае, і гэта адчуваньне ажыцьцяўляе ў постаці нявіднай рукі і нечага розуму, што сочаць праўду на зямлі. Ня ведаючы рэальнага ажыцьцяўленьня гэтых сіл, Даніла творыць для сябе гэту рэальнасьць і кажа Сымону пра замак: „...людзі–практыкі ня лгуць: чыесь рукі сеці вяжуць і на замак іх нясуць. Нядарма–ж гудзе сякера; чуе парк тут свой канец“. Гэта хутчэй не пазнаньне аб’ектаў, а самапазнаньне і аб’ектывізацыя пазнанага ў сабе самым.
Ставіцца ў поэме і пытаньне аб чалавеку наогул, яго дачыненьні сьвету і яго значэньні ў сьвеце, аб сэнсе жыцьця, аб сувязі эстэтычнага з этычным, аб тым, што эстэтычнае ёсьць пачатак і этычнага. Ня будзем пералічаць тут усіх пытаньняў, якія ўзьнімаюцца поэмаю „Сымон Музыка“ і разьвязваюцца па– мастацку. Ужо й зазначанага досыць, каб уявіць сабе, з якой глыбінёю і шырынёю ўспрыймае Якуб Колас жыцьцё і сьвет. Аб гэтай–жа шырыні і шырыні мастацкага выяўленьня гаворыць яшчэ і тое, што Якуб Колас малюе самыя рознастайныя зьявы жыцьця і прыроды ды імкнецца да выяўленьня ў сваіх творах шматвобразнасьці жыцьця. Так, і ў „Сымоне Музыку“ чытач разам з Сымонам жыве ў рознастайных абставінах і кругох жыцьця, бачыцца і знаёміцца з рознастайнымі праявамі сьвету і жыцьця людзей, пачынаючы аджабрака да князя, хоць, праўда, й не заўсёды ў поўным іх выяўленьні, але ўва ўсякім разе ў такіх праявах, што даюць па[д]ставу судзіць аб асобах у асноўных іх рысах, а што галоўнае — даюць зьмест для глыбокіх перажываньняў.