Перайсці да зместу

Старонка:Бабарэка Колас.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўбірае ў сябе ўсё сваім нутром, каб потым перапрацаваўшы яго ў сабе, аддаць зноў сьвету гукамі музыкі, або словам–вобразам, або песьняй, аддаць яго, кажучы словам Багдановіча, жомчугам, у які ператвараецца сілаю пачуцьця нават грубы кавалак жыцьця. Быць можа, толькі дзякуючы гэтай уласьцівасьці, што не дазваляла музыку кінуцца ў жыцьцёвы штодзённы вір дзеля рэальнага з ім змаганьня, Сымон пралажыў у жыцьці сваю „пясьнярскую каляіну“, вышаўшы цэльным і цэлым з жыцьцёвых кустоў лазы, быльніку і чарнобылю. Словам, мастак, па Коласу, — гэта як–бы асаблівы тып чалавека. Такі погляд на мастака выказвае і Луначарскі, калі зазначае: „Надо помнить, что художник — это особый тип человека“[1]. І Я. Колас сваёй поэмаю сьцьвярджае, што гэтакія людзі ёсьць і ў Беларусі, пачатак свой яны бяруць у беднай вясковай хаце і выносяць шмат гора, пакуль выходзяць на „пясьнярскую каляіну“, яны ў роўнай долі з вясковым пролетарам. Вось адна з родных зьяў, што знайшла сабе адбітак у Коласа і выявілася ў слове–вобразе „Сымон Музыка“.

Гэта зьява адказвае і на другое пытаньне, ці можна зрабіцца мастаком. Колас пра Сымона кажа, што ён „прыроджаны пясьняр“, і тым самым адказвае, што мастаком трэба радзіцца, а зрабіцца ім нельга. І тут выплывае новае пытаньне, як–жа пазнаць „прыроджанага песьняра“? Колас адказвае: па яго песьнях, як пазнаны быў музыка ў Сымоне і Курылам, і жабраком, і Шлёмаю, і Яхімам, і панам–князем, і дзедам Данілам, і Ганнаю...

На пытаньне аб месцы песьняра ў жыцьці Колас сваёю поэмаю кажа, што ён ва ўмовах паднявольнага жыцьця ня мае прытулішча дзякуючы толькі таму, што радзіўся ў сялянскай беднай хаце і застаў на зямлі ўжо ўсё разьмяркованым і распарадкаваным, знайшоў людзей ужо з пэўнай доляй. Гэта з боку соцыяльнага. Па тым–жа, якое значэньне мастака ў жыцьці людзей, яму належыць месца цэнтральнае, месца таго вузла, што злучае ідэальнае з рэальным, месца перадатчыка ідэальнага ў рэальнае, месца тых ніцей, што „злучаюць гук пярунаў з немым голасам цішы“. Мастак — гэта ключ, што адмыкае сьвет ідэальнага і пускае яго акавіту ў сьвет рэальнага. Пясьняр — гэта тая існасьць, праз якую „дух сусьвету з духам лучыцца зямлі“.

Поэмаю „Сымон Музыка“ ставіцца пытаньне і аб процэсе творчасьці як процэсе, які адбываецца ў часе і вызначаецца трыма момантамі: зьбіраньнем скарбаў з самых рознастайных крыніц жыцьця і прыроды, перажываньнем гэтага скарбу „ў сэрцы“ поэты („у сэрцы перажыты і росамі абмыты дзяньніц маіх...“) і, нарэшце, выхадам гэтых „абмытых росамі дзяньніц“ скарбаў у „словы–вобразы, у песьні вольнаплынныя“. Словам, творчасьць — гэта вялікая ўнутраная праца пачуцьцяў, думкі і волі, праца над успрынятым зьне праз адчуваньні, накірованая на ператварэньне яго ў слова–вобраз ці вольную песьню.

Азначанымі пытаньнямі далёка ня вычэрпваюцца ўсе пытаньні, што ставяцца і так ці йначай разьвязваюцца поэмаю „Сымон Музыка“. Уважлівы чытач знойдзе ў ёй мастацкае выражэньне пытаньняў і філёзофскага, і эстэтычнага, і псыхолёгічнага, і соцыяльна–экономічнага парадкаў як адбіткаў „родных зьяў“. Пытаньні гэтыя ў большасьці ня новыя, але нова і цікава іх пастаноўка і іх мастацкае выражэньне, што можа быць стымулам дзеля спэцыяльных досьледаў і пачаткам філёзофскіх шуканьняў на беларускай глебе. Вось для прыкладу, скажам, хоць–бы пытаньне аб магчымасьцях пазнаньня і яго шляхох. Сымон Музыка па аналёгіі з сабою, з сваімі ўнутранымі псыхічнымі процэ-

  1. Вопросы культуры при диктатуре пролетариата. Зборнік. 1925 г., стар. 115.