Старонка:Бабарэка Колас.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ніка, жывым уганяе ў магілу — гэта трэці куст жыцьця, што сымболізуе сабою пусьціўшых карэньні пры дарозе.

Замак, куды забірае Сымона князь, пачуўшы яго граньне ў лесе, як Сымон уцёк з карчмы, замак з яго надворным бляскам пазалоты і галотаю, што „сланяецца каля плота, у гразі яна ляжыць“, замак з пустэчаю ўнутры ад перасычэньня, які вось Сымона бярэ „для панскае ўцехі і для забаўкі паноў“, — гэта чацьверты куст, што най яскравей адбівае сабою падзяленьне людзей на два няроўныя станы: пануючых і падняволеных.

Уцякае Сымон і з гэтага куста і прыходзіць у пяты, дзе жыве яго любая Ганна, якую сілаю свайго каханьня і граньня на скрыпцы вяртае да жыцьця. На гэтым заслона ападае. Апошні куст сымболізуе нараджэньне новага адзлучэньня дзьвёх стыхій — песьні і каханьня на родных каранёх, з якіх пачатак і новага куста, куста кветак роднай краіны. Сымон ня мог разьвіцца ў першым кусьце, дзе вырас, ня мог ён і прышчапіцца на тых кустох, на якія ўскідала яго жыцьцё, „бо ён прыроджаны пясьняр“, як характарызуе яго поэта, і пачынае сабою новы куст жыцьця, ён пачынае новую каляіну, каляіну пясьнярскую ў жыцьці сярод кустоў лазовых. „Панёс ён людзям песень дар — агонь душы і сэрца жар, панёс пясьнярскай каляінай“. Толькі багацьце душы, толькі вялікая сіла імкненьня, якая здолела перацярпець столькі на сваім жыцьці і вынесьці свой дар незаплямленым і непадружаным на пыл, не разьмененым на дробную монэту, за якую можна было што–хаця купіць, нават і белы пірог з панскага стала ў замку, толькі нязьменнасьць самому сабе, толькі моц тэй акавіты, якая цякла ў яго жылах ад родных каранёў, толькі моцнае каханьне лілеі — Ганны (сымболічны вобраз маладой Беларусі), толькі ўсё гэта дало магчымасьць Сымону выжыць і зацьвісьці кветкаю на задумна–маўклівых палёх Беларусі, толькі яно здолела даць пачатак новай каляіне ў жыцьці беларускіх працоўных мас. І вось Беларусь работніцка–сялянская мае Сымона рэальнага ў постаці пляяды поэтаў– адраджэнцаў. З нуднай песьні нарадзілася першая радасьць — пачатак мастацкай літаратуры беларускай.

III

...І выхаду шукаў
Адбітак родных зьяў
У словах–вобразах, у песьнях вольнаплынных.
Я. Колас — Прысьвечаньне да „Сымона Музыкі“

„Сымон Музыка“, найлепшая поэма з творчасьці Якуба Коласа, каштоўна ня толькі як мастацкае выяўленьне вобразу песьняра–героя адраджэнскага кругабегу ў гісторыі беларускай літаратуры. Каштоўна гэта поэма як выражэньне ў мастацкай форме коласаўскага вопыту жыцьця, коласаўскага ўспрыяцьця сьвету і яго разуменьня. Каштоўна яна таксама яшчэ і тым, што ставіць сабою шмат проблем рознастайнага характару, вывучэньне і разгляд якіх складае задачу крытыкі.

У першую голаў поэмаю ставіцца проблема мастака як адбітка „родных зьяў“. На пытаньне, што такое мастак, Якуб Колас поэмаю „Сымон Музыка“ адказвае, што гэта асоба, перш за ўсё, і асоба з асабліваю псыхічнай арганізацыяй, а ня звычайнаю. Гэта арганізацыя надзвычайна тонкая і празрыстая, дзякуючы чаму яна надзвычайна чулая і здольная рэагаваць на самыя нязначныя і няпрыкметныя зрушэньні зьне яе. Пры гэтым яна рэагуе заўсёды ў адным і тым–жа кірунку ў тым сэнсе, што, застаючыся зьнешняга боку ўзглядна спакойнай, яна