толькі самы кругі на сьветлым і поўным прыгожасьці фоне прыроды. Пасучы яшчэ авечкі (круг жыцьця дома), Сымон спаткаў дзеда Курылу, які адгадаў у ім талент музыкі і перадаў яму сьпярша дудку, а потым і скрыпку. У крузе жыцьця з жабраком Сымон спатыкае чулую дзяўчынку Ганну, вобраз якой ужо ні на момант не пакідае яго і дае яму сілы ўсё зносіць. У крузе жыцьця ў карчме Сымон спатыкае Яхіма, у замку — дзеда Данілу. Праўда, усе гэтыя вобразы выяўлены эскізна і як–бы ня зусім дарысаваны, але ўсё–ж і ад іх ужо вее новай песьняю. Гэта вобраз людзей, у якіх перадусім ёсьць душа, якія жывуць пачуцьцямі і жывымі думкамі. Гэта ўжо тая песьня, якая вабіць да сябе Сымона, але ня можа цалком захапіць, будучы апранутаю ў старую кару. І толькі з Ганнаю, як падае ў канцы поэмы поэта, Сымон пачаў новы, другі круг жыцьця, толькі яе ён ня кідае, толькі ад яе не ўцякае. На гэтым апускаецца заслона. Ці ўцёк Сымон ад нуднай песьні жыцьця, якое беднатою гоніць з дому, якое прымушае даведацца і долі жабрака, і долі паслугача ў карчме, і долі забаўніка ў замку, невядома. Адно толькі ёсьць — гэта новая песьня, песьня Сымона Музыкі, якая гаворыць аб тэй супярэчнасьці, што ёсьць у жыцьці між таленавітаю і чулаю асобаю (а асоба гэта — увесь беларускі народ, па азначэньню А. Гаруна) і тымі парадкамі і ўмовамі жыцьця, у якіх нарадзілася і жыве гэта асоба. Гэта песьня гаворыць аб тым, што песьняру–музыку няма месца ў кругох паднявольнага жыцьця.
Сымон Музыка — гэта вобраз беларускага поэты–адраджэнца, які сваю энэргію пясьнярскую аддаваў перадусім на змаганьне за нацыянальную і сацыяльную сьвядомасьць працоўнага люду беларускага, а таму і тварыў адпаведную песьню ды сам пракладаў ёю „пясьнярскую каляіну“ ў жыцьці. Сымон Музыка — гэта вобраз багацьця „сьвежых крыніц“ беларускай вёскі, якія гараць жаданьнем вясны, „людзям бліскучай зоркай у іх цемрадзі зазьзяць і сказаць ім, як шчасьліва можна жыць і на зямлі“, гараць красою адбітых у іх глыбі зор і „бязьмежжа горных сьветаў“, будучы абмяжованы берагамі рэальнага штодзённага клапатлівага жыцьця. Жыцьцё–ж гэта — як–бы кусты на ўлоньні прыроды, але кусты лазовыя, у якіх свой лад і строй, што вымагаюць ад усякага, хто зьяўляецца ў іх, дапасаваньня да сябе, але не наадварот. Так пабудована і поэма.
Вёска з яе бядотаю, у якой раджаецца Сымон, у якой праходзяць яго дзіцячыя гады, і якая яго праганяе — гэта першы куст, які ў пэўнай меры адбівае сабою шырокае соцыяльнае зьявішча: выкіданьне вёскаю „лішніх душ“, нараджэньне пролетараў у выніку павялічэньня сям’і пры нязьменнасьці зямлі, на якой працуе і якою жыве сям’я. Адгэтуль пачынаецца вандраваньне па іншых кустох.
Жабрак–профэсыянал, калі льга так азначыць яго, які эксплуатуе Сымона, іх цеганіна ад вёскі да вёскі, у якой спатыкае Сымон розных людзей і сярод іх Ганну, вобраз якой „ад усіх ясьней–ярчэй зьзяў, бы зорачка ў тумане, мілым усьмехам вачэй“, — гэта другі куст жыцьця, які сымболізуе сабою „падарожных“ у жыцьці, гатовых зарабляць–жабраваць чужым дарам, гатовых на няшчасьці будаваць свой нікчэмненькі дабрабыцік і нажываць капітал.
Карчма, куды пападае Сымон, уцёкшы аджабрака, з вядомым Шлёмкаю, які „як– бы ты ні быў зь ім груб — і пасудзіць і парадзіць ды і выпіць даць ня скуп, абы толькі былі грошы, няма грошай –– напавер, — адным словам жыд харошы, толькі й ты яму адмер“, карчма з сваім брудна–дробным рахункам, з сваімі „правамі, звычаем і ўрадам“, карчма, што друзіць талент „на пыл“ і робіць з мастака рамесь-