выя. Іншыя стораны выяўляюцца іншымі поэтамі — часам, праўда, без належнага мастацкага аформаваньня. Так стварылася літаратурна–мастацкае люстра для жыцьця беларускіх працоўных мас. І „песьнямі зрабіліся страшэнныя стогны пакуты“, як кажа поэта З. Бядуля.
ІІ
А як песьня панясецца, –
Колькі ў песьні тэй нуды.
Уцякаў–бы, бег, здаецца,
Сам ня ведаеш куды.
Я. Колас.
Такім было і жыцьцё. Усе сілы і энэргія йдуць на змаганьне за голае існаваньне. Зусім не застаецца часу, каб любавацца красою сьвету, каб падумаць аб тым, як зрабіць жыцьцё прыгажэйшым. Абы–б мець кусок хлеба чорнага, а не канечна белага, бо пагнаўшыся за белым можаш застацца і бяз ніякага. Такі быў парадак у жыцьці. І чалавек ад раньня да позьняга вечару працуе–змагаецца. Міма волі яго кідаюцца яму ў вочы ў часы гэтай працы прыгожасьці і багацьці прыроды, якія абуджаюць у ім думку ці, праўдзівей, няяснае пачуцьцё аб тым, што гэтых багацьцяў можа хапіць усім людзям і што жыць можна–б і іначай, вальней і прыгажэй, чым жыве чалавек, прасьвету ніколі ня бачачы. Але ў сьвеце ўсё ўжо разьмяркована, усё распарадкавана і кожнаму вызначана яго месца, у кожнага свая доля. Дык як тут было не зьявіцца смутку. Як стрымацца, каб жаль і тугу сваю ня пусьціць у сьвет песьняю. І нясецца песьня нудная, песьня сумная... Хто яе пачуе, хто зразумее... Пра гэта ня думаецца. Выказаў жаль свой і — ,,лягчэй робіцца на сэрцы“. А там мо толькі адны пушчы ды гаі і слухаюць яго песьні–жальбы аб тым, чаму гэта „просты чалавек“ абавязкова павінен здавальняцца тым, што ёсьць, чаму яму скарацца перад абы–якою доляю, калі можна было–б мець і лепшую і прыгажэйшую за яго „залатыя рукі“, якая–б задаволіла ня толькі матэрыяльныя патрэбы, але і духоўныя (формальныя), якая–б давала ня толькі радасьці ад куска хлеба, але і асалоду жыцьця прыгожага.
Імчыцца песьня ў сьвет, што ад яе „ўцякаў–бы й бег, здаецца, сам ня ведаючы куды“. Песьня–ж гэта — само жыцьцё, сама доля працоўных сялян. Якуб Колас сваёй чуткаю душою адчуў гэту песьню–жыцьцё ня ціхай цішы, і ўзбунтаваўся сваімі творамі супроць сьвядомасьці, што „такая ўжо доля“ бедняка, супроць зьмірэньня з тым, што ёсьць, супроць цярплівасьці і цягненьня ярма нявольніцтва і бяспраўнасьці працоўнага ва ўмовах існуючага (да рэвалюцыі) парадку. Але гэта бунт пачуцьця, гэта бунт чулай і мяккай душы. Гэта голас цішы задумнай і засмучонай. Самым моцным выражэньнем яго ў слове і ёсьць поэма „Сымон Музыка“. Гэрой гэтай поэмы, Сымон, — гэта жывая постаць таго, што выражана у адным з раньніх вершаў Коласа словамі „ўцякаў–бы, бег, здаецца, сам ня ведаеш куды“ ад гукаў нуднай песьні, песьні беларускай вёскі. А песьня гэта — само жыцьцё. Сымон змалку сваёй чуткаю душою перажыў гэту песьню і вынес яе на сваіх плячох, будучы выгнаным з хаты, дзе панавала беднасьць. У жыцьці ён чуе яе яшчэ ня раз, і кожны раз ад яе „ўцякае“. Жыцьцё жабрака, жыцьцё карчмы, жыцьцё ў замку — усё гэта нудныя песьні, ад якіх уцякае Сымон, „сам ня ведаючы куды“. Усё гэта кругі, праз якія праходзіць Сымон, будучы гнаным бядотаю, няйменьнем месца на зямлі сярод людзей для чалавека з чуткаю душою, для чалавека, што нарадзіўся, каб казаць людзям пра прыгожасьць прыроды, пра тое, як можна жыць на зямлі. Але ня ўсё цёмна ў гэтых кругах. Цёмны