Перайсці да зместу

Старонка:Бабарэка Колас.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

„цывілізацыі“, здолелі ў сабе захаваць багатую формальную (духоўную) культуру, яе высьпеліць у адменных колерах звычайнай, але рознастайнай красы прыроднай. Крыніца гэная не ўвабралася ў „саеты“ й ядвабы, у званочкі, браскоткі й бляск „цывілізованае“ поэзіі. Яна знайшла сваю самабытную культурна–мастацкую форму адзінства „рэалізму“ і „рамантызму“, якое льга адзначыць як адраджанізм. „Сымон Музыка“ ў сваёй трэцяй рэдакцыі названы аўтарам поэмаю, але гэта поэма ўжо не старога разуменьня, як аб ёй трактавалася ў старых тэорыях славеснасьці, гэта поэма новага разуменьня, паняцьце з новым зьместам, якое вызначаецца фактам „Сымона Музыкі“. Яна зьмяшчае ў сабе ня выключна эпічныя элемэнты, але поруч з імі, а таксама шчыльна зьліваючыся з імі ў адзінства, і элемэнты лірычныя, драматычныя, народна–песенныя і баечна–казачныя. Ня зусім выпадкова, што гэта поэма самім поэтам у першай рэдакцыі называлася дзеля азначэньня жанравасьці „казкаю жыцьця“. З рытмічна–стылістычнага боку яна вызначаецца мяккаю, лёгкаю і плаўнаю музычнасьцю вершу, плястычнасьцю і ярка–адчувальнаю жывізною вобразаў. З боку композыцыйнай структуры пяцёхпялёсткавай прыроднай (як будова красак, каласоў, дарог), архітэктурнасьцю будовы з арнамэнтам „запевак“, „прыпевак“, „заставак“ і „канцовак“ як надворнай, так нутраной суразьмернасьцю і стройнасьцю разьмеркаваных частак, вобразаў і ліній у цэлым з натуральным ступянёвым узьніманьнем уверх, з такім узьніманьнем, як „каленцавы“ рост коласу. У сваёй будове поэма вызначаецца строгім лікам пяцёхпялёсткавасьці і пяцёхлінейнасьці. Сярэдзіна гэтых пяцёх ліній, пяцёх каласоў у поэме, — вобраз Сымона, які ўзьнімаецца ўвысь, як–бы расьце праз нутро пяцёх „каленцаў“, пяцёх відочных зьяваў, з першага — пастушком — самародным музыкаю, з другога — жабраком–музыкаю, з трэцяга — парабкам–музыкаю, з чацьвертага — панскім слугою–музыкаю і з пятага — вольным песьняром–музыкаю. Поруч з гэтай лініяй узьнімаецца вакол яе яшчэ чатыры: а) лінія каханьня (Ганна), якая таксама праходзіць пяць „каленцаў“ у спатканьнях Сымона з Ганнаю (хата бацькоў Ганны, сад, лес, сон і яў — зноў у хаце Ганны — моманты спатканьняў), б) лінія жыцьцёвай рэальнасьці (пабытовая лінія штодзённага жыцьця), в) лінія жыцьцёвай ідэальнасьці (песьні, каханьне, хараство прыроды, ігра, думкі–лятуценьні) і г) лінія самога поэты. І гэта нутраная будова адпавядае і надворнай: поэма складаецца з пяцёх часьцей з пяцьма разьдзеламі ў кожнай. Вось беларуская клясычнасьць „казкі жыцьця“! Клясычнасьць падобная трохчэлеснай клясычнасьці ў будове „Боскай камэдыі“ Дантэ па сваёй ідэі колькаснай суразьмернасьці і колькаснага самавызначэньня! Клясычнасьць дарожкі, пра якую ў адным з раньніх вершаў Я. Колас казаў: „у пяць нітак лягла цьмяна... тканка ног і кола!“ Так „дух сусьвету з духам лучыцца зямлі“... Праз гэта поэма „Сымон Музыка“ — ісьціва нацыянальная поэма творча–мастацкага духу Беларускага народу ў асобе яго працоўных мас. Яна для далейшага разьвіцьця беларускай поэзіі — прыгожы ўзор мастацкай будовы твораў, узор мастацкага выяўленьня і выражэньня шырыні й глыбіні жыцьця, а яе творца — узор поэты–мастака з шырокім — па абхвату зьяў — і глыбокім — па прасячнасьці іх сваім чуцьцём — прыняцьцем жыцьця і ярка выражаным асабовым асьвятленьнем яго ў духу народнага беларускага сьветаразуменьня і агульналюдзкога імкненьня да ідэальнага жыцьця, імкненьня ўвысь.

„Сымон Музыка“ — гэта найлепшы і найкаштоўнейшы дар Якуба Коласа маладой беларускай мастацкай літаратуры ад адраджэньня, дар, які ніколі не памрэ ў народным сэрцы там, „дзе сам народ — пясьняр“.