Старонка:А дзе ж ісціна аб'ектыўная.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

менш культурныя заваёўнікі знішчалі ці выганялі насельніцтва пэўнай краіны і знішчалі яго прадукцыйныя сілы або давалі ім заглухнуць, не умеючы іх выкарыстаць. Гэтак паступілі, напрыклад, хрысціяне ў маўрытанскай Іспаніі з большай часткай арашальных збудаванняў, якім маўры абавязаны былі сваім высока развітым земляробствам і садаводствам. Кожны раз, калі пераможцам з'яўляецца менш культурны народ, парушаецца, як само сабой зразумела, ход эканамічнага развіцця і падпадае пад знішчэнне маса прадукцыйных сіл. Але пры працяглым заваяванні менш культурны заваёўнік вымушан у велізарнай большасці выпадкаў прыстасавацца да болей высокага «гаспадарчага становішча» заваяванай краіны ў тым выглядзе, якім яно аказваецца пасля заваявання, ён асімілюецца заваяваным народам і ў большай частцы засвойвае нават яго мову» (Ф. Энгельс. «Анти-Дюринг», 1948, стар. 172-172. Падкрэслена намі. M. A.).

Няхай цяпер чытач сам робіць вывад: ці была Беларусь у мінулым заваяванай краінай і ці меў беларускі народ сваю дзяржаўнасць (гэта зусім не знімае пытання польска-каталіцкай агрэсіі на ўсходзе, супроць якой беларускі народ вёў рашучую барацьбу).

В. Люкевіч і Я. Трашчонак, ухапіўшыся за назву «Вялікае княства Літоўскае» і не ўнікнуўшы ў яго сутнасць (як яно узнікла і чым было на самай справе), намагаюцца давесці, што беларускі народ у мінулым не меў сваёй дзяржаўнасці. А мы лічым, што меў. Разам з літоўцамі. Нават скажам, што гэта была за дзяржава. Вось чытайце, як, напрыклад. падпісваўся пад афіцыйнымі дакументамі Сігізмунд Аўгуст: «Божьею милостью король Польский, Великий князь Литовский, Русский, Прусский, Жамойтский, Мозовецкий, Инфлянтский и иных». Кароль добра ведаў, на якіх землях ён «гаспадарыў», і, як бачыце, не змешваў каралеўства Польскага з Вялікім княствам Літоўскім, Вялікага княства Літоўскага з Жамойцкім (Жмуддзю), Жамойцкае з Рускім і г. д. А ён жа быў суверэнам, г. зн. носьбітам вярхоўнай улады.

В. Люкевіч і Я. Трашчонак, як відаць, надаюць геаграфічнай назве этнаграфічны характар, а гэта не адно і тое ж. Яны заплюшчваюць вочы на тое, што на беларускіх землях гаспадарылі «мясцовыя» паны і шляхта, што на вышэйшыя пасады Вялікага княства Літоўскага (канцлераў, ваяводаў і г. д.) назначаліся, як правіла, найбольш уплывовыя беларускія магнаты (Caпeгі, Радзівілы і да т. п.). Таму паміж феадаламі літоўскімі і беларускімі не было асаблівых антаганізмаў, і яны заўсёды выступалі адзіным фронтам, калі справа ішла аб падаўленні рэвалюцыйнага руху працоўных мас. У той жа час і працоўныя масы Беларусі і Літвы знаходзілі агульную мову у барацьбе супроць эксплуататараў.

Агульнасць інтарэсаў працоўных мас Беларусі і Літвы, цесна звязаных у мінулым гістарычнай і эканамічнай супольнасцю, знайшла сваё выяўленне ў Дэкларацыях І з'езду Саветаў Беларусі і І з'езду Саветаў Літвы аб стварэнні адзінай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У Дэкларацыі І з'езду Саветаў Беларусі аб аб'яднанні Савецкіх Сацыялістычных рэспублік Літвы і Беларусі (люты 1919 г.), у прыватнасці, адзначалася: «Прызнаць неабходным неадкладнае зліццё Беларускай Савецкай Рэспублікі з Літоўскай Савецкай Рэспублікай, даручыўшы правядзенне ў жыццё зліцця і арганізацыі адзінага ўрада органу ўлады, вылучанаму з'ездам». Гэтыя пажаданні рабочых і сялян Беларусі і Літвы былі загадзя ухвалены пастановай Прэзідыума ЦВК ад 31 студзеня 1919 года. Прэзідыум Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта, сказана ў пастанове, «вітае аб'яднанне, якое намячаецца, працоўных мас Беларусі з працоўным народам Літвы, цесна звязаным з ім сваім мінулым і эканамічнымі ўмовамі свайго існавання». (Падкрэслена намі.-М. А.).

Няхай нам цяпер В. Люкевіч і Я. Трашчонак адкажуць на пытанне: што стаіць за гэтымі пастановамі? Толькі, калі ласка, як сапраўдныя гісторыкі-даследчыкі, не ашукваючы і не абкрадваючы ні саміх сябе, ні нашу гісторыю. З фактамі ў руках, адкінуўшы догмы і ярлыкі. Перш чым напамінаць аб «абавязках» другім, трэба памятаць аб сваіх абавязках-дакладна вывучыць факты і першакрыніцы. Вельмі слушна пішуць пра абавязкі гісторыкаў-марксістаў вучоныя В. Пашута, В. Салаў і Л. Чарапнін: «Партыйнасць гістарычнай навукі нічога агульнага не мае з дагматызмам. Марксізм дае метад, тэорыю, ключ да абагульнення фактычнага матэрыялу, шырокіх навукова аб'ектыўных вывадаў. Пераадоленне дагматызму магчыма толькі ў працэсе самастойнага даследавання першакрыніц. Гісторык, які не займаецца творчым вывучэннем крыніц, не даследчык, a начотнік». («Коммунист», № 4, 1966 r.).