I.
Магутным рухам народаў Расіі зруйнованы муры маскоўскага царызму. Апалі кайданы пякельнай пакуты, паламаны ёрма няволі й нядолі і усе народы Расіі вышлі на вольны шлях жыцьця. Празваніў звон волі і ўстае з руін заняпаду наша айчына, наша бацькаўшчына Беларусь. Заруніцца яна жытам-пшаніцаю і заквітнея цьветам-калінаю!
Але ні ўсе яшчэ разумеюць у нас, на што здаліся нам новыя парадкі. Ні кожнаму зразумелы інтарэсы народа. Ні ўсім відна выгода ад самабытнасьці і аўтаноміі. Шмат ёсьць і да гэтага часу прыхільнікаў адсталасьці і русіфікацыі Беларусі. Шмат каму ні пад густ наша адраджэньне, і часта можна чуць, як верадуюць ворагі нашы і крычаць хвальшывыя заступнікі долі народнай, пратэстуючы проці нацыанальнай нізалежнасьці нашай і асьветы народа у яго роднай, спрадвечнай мові. Але гісторыя сьведчыць, што ня было тае справы, ня было такой ідэі, якая-б не нажыла сабе ворагаў. Гэта яны, гасіцелі праўды, распіналі Хрыста, палілі Гуса і білі прарокаў…
Заўважыўшы гэта, мы павінны памятаць і заўсюды трымаць на увазі, што беларусы — народ асобны і ніпадобны ні да расійцаў, ні да палякоў, а, значынца, і патрэбы мы маем асобныя, свае беларускія, адметныя і нават нізгодныя с патрэбамі расійцаў, палякоў ці якога іншага народу. Кожны разважае свае справы па-своему, на карысьць свайго уласнага жыцьця, дзеля гэтага і мы павінны мяркавацца о тым, што вымагаецца варункамі