Старонка:Аўтаномія Беларусі.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПРАДМОВА ДА 2-ГА ВЫДАНЬНЯ

Гэтую кніжачку вы ня знойдзеце ні ў воднай бібліятэцы на Беларусі, нават у «спецхранах» «Ленінкі» і «Акадэмкі». Тыраж зьнішчаны яшчэ ў 1922 годзе. «Книга Лесика „Аўтаномія Беларусі“ была запрещена к распространению как „шовіністіческого характера“ 26/XII-22 г.» — паведамляў чэкіст Апанскі сакратару ЦК КПБ/б/ Крыніцкаму.

Артыкул «Аўтаномія Беларусі» быў напісаны Язэпам Лёсікам у верасні 1917 г. і выйшаў асобнай брашурай праз месяц, у кастрычніку… Думаю, што гэтая праца аднаго з буйнейшых дзеячоў нашага Адраджэньня будзе гучаць даволі актуальна зараз, калі праблемы незалежнасьці, суверэнітэту Беларусі хвалююць усё наша грамадзтва. Трэба толькі памятаць, што артыкул пісаўся тады, калі ў беларускіх нацыянальных колах пераважала ідэя аўтаноміі, а не поўнай незалежнасьці. Яшчэ не адбылася Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя і разгон Усебеларускага Кангрэсу ў сьнежні 17-га, яшчэ ня было Берасьцейскага мірнага дагавору, дзе ўлічваліся любыя інтарэсы, апроч беларускіх…

І яшчэ адна каштоўнасьць кнігі. У 17-м годзе яшчэ не існавала агульнапрынятага беларускага правапісу. Гэты варыянт быў створаны самім Я. Лёсікам і ім выдавалася газэта «Вольная Беларусь».

З-за кепскага захаваньня арыгіналу немагчыма было факсімільнае ўзнаўленьне выданьня. Падабенства захоўвае толькі вокладка. Тэкст жа перабраны на машыне з супадзеньнем старонак, радкоў, пераносаў і правапісу. Толькі грубыя наборныя памылкі былі выпраўлены пры апрацоўцы.

Алесь Жынкін