Перайсці да зместу

Старонка:Асноўныя пытаньні мовазнаўства (1926).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З таго, што мы сказалі, будзе ясна, што гістарычнапараўнальны мэтод мы ўжываем пры вывучэньні калі не аднэй паасобнай мовы, то сям‘і родных моў.

Найбольш распрацоўванаю ў мовазнаўстве зьяўляецца інда-эўропэйская сям‘я моў. Суадносіны паміж мовамі гэтае сям‘і Шлейхэр і яго прыхільнікі рысуюць у вобразе гэт. зван. родаслоўнага дзерава моў. Далей мы пабачым, што гэтая тэорыя дзерава зьяўляецца няпрыдатнаю тады, калі мы хочам прадставіць сабе суадносіны паміж мовамі, якія ўжо даўно гранічаць адна з другою (напр. між мовамі славянскае сям‘і), але ў тых выпадках, калі паасобныя галіны ці мовы рана адрываюцца адна ад другое, гэтаю тэорыяю можна карыстацца.

З інда-эўропэйскае прамовы вышлі наступныя галіны: індыйская, іранская, армянская, албанская, грэцкая, італійская, бальтыцкая і славянская.

Гэтыя галіны ў свой чарод далі меншыя галінкі, для якіх большыя самі ўжо зьяўляюцца прамовамі.

Аддзел мовазнаўства, прысьвечаны інда-эўроп. сям‘і, называецца параўнальнаю граматыкаю інда-эўропэйскіх моў. Спынімся дакладней на некаторых з пералічаных галін.

Найстарэйшымі прадстаўнікамі індыйскае галіны зьяўляюцца вэдыйская і санскрыцкая мовы. Вэдыйскаю моваю называюць мову рэлігійных вершаў ці вэд, якія захаваліся ў чатырох зборніках. Некаторыя з зазначаных вершаў можа былі напісаны яшчэ за 2000 г. да пачатку нашае эры.

Малодшаю стара-індыйскаю падмоваю зьяўляецца санскрыт. На ёй напісаны поэмы Рамаяна і Магабгарата. Урывак з апошняе поэмы пад загалоўкам „Наль і Дамаянті“ пераклаў Жукоўскі, які, аднак, ня ведаў санскрыта, і замест орыгіналу скарыстаў нямецкі пераклад Рукэрта. З іншых твораў, напісаных на санскрыце, трэба назваць зборнік баек „Панчатантра“, які становіць крыніцу баечнае творчасьці ўсіх эўропэйскіх літаратур, потым драмы Калідасы: „Сакунтала“ і „Урвасі“.

Пісьмо, якім карысталіся старыя індусы, было сылябічным (складовым), хоць і ня зусім вытрыманым; называлася яно дэванагары.

Санскрыт быў больш літаратурнаю штучнаю моваю. Скупнасьць размоўных стараіндыйскіх дыялектаў называлася пракрытам; з яго разьвіліся цяперашнія індыйскія гутаркі: бэнгалі, гінды, гузэраты, пэнджабі і інш. Пракрыцкага пахаджэньня і мова цыган.

Мова вэд і санскрыт, як найстарэйшыя мовы і таму найбліжэйшыя па сваіх асаблівасьцях да інда-эўроп. прамовы, маюць вялізнае значэньне для інда-эўропэйскае філёлёгіі. Санскрыт раней лічылі продкам інда-эўропейскае сям‘і моў, але потым давялі, што ён толькі старэйшы брат іншых інда--