вы, якой Фортунатаў даў назву „флексыі асновы“. Сюды адносіцца чаргаваньне галосных (напр., у нямецк. мове), можна аднесьці сюды і націск (рас. вербы́ — ве́рбы).
Адзнакаю формы часамі можа быць і адсутнасьць канчатка, напр., у форме наз. скл. адз. л. слоў мужч. р. (сад— пры інш. склонах сад—а, сад—у).
Значыць, форменнае слова распадаецца на часьціны. Умоваю гэтага распадзеньня зьяўляецца існаваньне ў нашай сьвядомасьці двох радоў. Калі нам якое-небудзь слова нагадвае іншыя словы з аднолькавымі канчаткамі, але з іншымі каранямі, а з другога боку, словы з тым самым коранем, але з іншымі канчаткамі, тады слова распадзецца на морфолёгічныя часьціны. Відавочна можна гэта перадаць такім чынам.
| Кас—а, вад—а, наг—а і т. д. |
| Кас—ы |
| Кас—е |
| Кас—у |
| і г. д. |
Здольнасьць слова распадацца на часьціны зьвязваецца з другою здольнасьцю — здольнасьцю ўваходзіць у асоцыяцыю з аднолькавымі морфолёгічнымі адзінкамі. У вэртыкальным напрамку данае слова злучаецца асоцыяцыяю з іншымі склонамі ці асобамі (калі гэта дзеяслоў) на падставе агульнага кораню, у горызонтальным-жа напрамку яго асоцыяцыя зьвязвае з іншымі словамі ўжо на падставе аднолькавых канчаткаў.
Гэткім чынам, аб‘яднаньне і асоцыяцыя ў адным, напрыклад, у вэртыкальным напрамку немагчымы без асоцыяцыі ў другім — горызонтальным напрамку. Гэтая падвойная здольнасьць і становіць галоўную прымету форменнага слова, а гэтая прымета па сутнасьці ёсьць нішто іншае, як яго зьмяняемасьць, на падставе якое данае слова мы і ўносім да тэй ці іншае граматычнае катэгорыі. Унясеньне слова рук—а ў катэгорыю слоў, якія зьяўляюцца формаю наз. скл. адз. ліку назоўнікаў жан. р., ёсьць у той самы час прызнаньне за яго коранем здольнасьці злучацца з пэўнымі склонавымі канчаткамі.
Граматыка, як мы казалі ўжо, біполярная ці двохполюсная. Яна дасьледвае пытаньні аб формах слоў і словазлучэньняў у сувязі з сэмасыолёгічным бокам, — з сэнсам гэтых часьцін слова ці словазлучэньняў. Калі прадметы і адносіны між імі выказваліся паасобнымі словамі, тады злучэньне слоў адпавядала злучэньню сэмантычных (сэнсавых) адзінак, г. зн. морфолёгія сказу была корэлятыўнаю (праці-