Пераходзім цяпер да дакладнейшага разгляду задач морфолёгіі і сынтаксу, якія заўсёды бываюць цесна зьвязаны паміж сабою. Апошні аддзел можна яшчэ назваць морфолёгіяй сказу.
Паасобнае слова, што датычыцца яго морфолёгічнага складу, не зьяўляецца цэльнаю нераскладнаю адзінкаю, яно становіць комплекс розных морфолёгічных часьцін — кораняў, прыставак, уставак і канчаткаў[1]. Такім чынам, слова становіць не адзіночны процэс асоцыяцыі знадворнага знаку з пэўным сэнсам, а гэта — сума некалькіх асоцыяцыйных процэсаў. Кожная морфолёгічная часьціна ўваходзіць у асоцыяцыю з пэўным сэнсам, і таму яна і будзе паасобнаю сэмасыолёгічнаю адзінкаю, будзе чымсьці блізкім да паасобнага нават слова, што мы і бачым, напр., у г. званых каранёвых мовах, як кітайская або ангельская, у якіх нашым морфолёгічным часьцінам слова адпавядаюць паасобныя словы.
Калі возьмем форму дав. скл. мн. л. настаўнікам, мы пабачым, што яна распадаецца на такія часьціны: прыстаўка на, корань стаў (став), устаўкі н і ік і канчатак —ам. Корань став — азначае галоўную прымету настаўніка, але гэта прымета стае ясьнейшаю ў сувязі з прыстаўкаю на—став—). Нейкія прыметы да галоўнае прыметы дадаюцца ўстаўкамі, але гэтыя прыклады значна агульнейшыя, шырэйшыя па сэнсу. Напр., ік (як і ач або слав. —тел—ь: дел— а— тел—ь) адзначае наогул дзеячую асобу[2]. І толькі канчатак ам (ом) будзе мець зусім іншы сэнс. Яго сэнс чыста формальны. Ён паказвае, галоўным чынам, суадносіны паміж прадметамі. Праўда, гэты формальны сэнс адначасна можа злучацца і з больш рэальным сэнсам (напр., можа адзначаць род, лік), але галоўнейшым сэнсам канчатка зьяўляецца адзначэньне суадносін. Такім чынам, проф. Багародзіцкі (Введение в тюрко-татарское языкознание, 1922, ст. 30) меў падставу такою формулаю ілюстраваць морфолёгічны склад слова.
| прыстаўка + корань + ўстаўка | + | |
ці аснова. |
ная чась- ціна слова. |
Канчаткі (якім даецца яшчэ назва сынтаксычных часьцін слова) бываюць склонавыя і асабовыя. Тую самую функцыю, што і канчатак, можа выконваць яшчэ і зьмена асно-
- ↑ Іншыя назвы: прыстаўка гэта прэфікс, устаўка — суфікс, але ляпей было-б перакласьці тэрмін суфікс словам настаўка, бо ёсьць яшчэ ў мовах інфіксы (устаўка ў самым корані), якія якраз і трэба перакласьці словам устаўка; нарэшце, зам. канчатак ужываюць тэрмін флексія.
- ↑ Устаўка шмат чаго можа вызначаць; яна, напр., адзначае ступень прыметы: —ават— у белаваты паказвае на малую ступень белага колеру.