Перайсці да зместу

Старонка:Асноўныя пытаньні мовазнаўства (1926).pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тысяча салдатаў; вымпел, замест судно (гэтулькі вымпелаў) сьцяг, замест карабль альбо флёт; кут, замест дом: „Я кут пакінуць мусіў свой" (Я. Купала); блр. калёсы (рас. телега) і інш.

Да гэтай самай катэгорыі павінна быць залічана ўжываньне пэўнай меры альбо нагляднага прадстаўленьня для абазначэньня невядомага мноства ці адцягненага адмаўленьня.

Замест нічога беларусы кажуць ні званьня або ні каліва. Слова шмат — кусок у белар. м. пачало ўжывацца ў сэнсе многа, слова-ж кусок у некатарых белар. дыялектах атрымала значэньне крыху: я кусок вады выпіла.

Не видно ни зги таксама прадстаўляе сабою нагляднае адмаўленьне і па этымолёгіі Міклошыча і іншых азначае ня відно ні дарогі; згі з першапачатковага стьгі; параўнайце стезя з стьзя. Буслаеў прапаноўваў іншую этымолёгію гэтага слова і параўноўваў яго з разанскім згінка, згіначка — іскарка (Буслаеў „Историч. граммат. русск. яз.“. стар. 72).

Другая катэгорыя сынэкдохі, якая прадстаўляе замену часткі цераз цэлае, зьяўляючыся пераходам ад часткі да цэлага, ад азнакі да прадмету, зьмяняючы адзінства мноствам, ня прыводзіць да захаваньня псыхічнай энэргіі і з пункту погляду нагляднасьці, мастацкай вобразнасьці зьяўляецца лішняй.

Да гэтай другой катэгорыі мы аднясем нагляднае абазначэньне множным лікам аднэй падзельнай рэчы, якая прадстаўляе шмат частак ці пару сымэтрычных частак: сані, абцугі, клешчы, ножніцы, майткі і г. д., потым замену адзіночнага ліку множным у некаторых іншых выпадках. Так, расійскі селянін на пытаньне аб пахаджэньні часта адказвае: „Мы орловские, мы рязанские“.

У сваіх „Записках по теории словесности“ Потэбня паказвае яшчэ на адзін від сынэкдохі, прыведзены першы раз Вакэрнагелем, а іменна: на ўжываньне роду замест віду альбо асобы: француз замест настаўнік францускае мовы.

Але гэты від мы не павінны адносіць да другое катэгорыі. Замена відавога ці асабовага імені родавым, прадстаўляючы з боку аб‘ёму пераход ад часткі да цэлага, — з боку зьместу прадстаўляе зваротнае, г. зн. пераход ад цэлага да часткі, бо зьмест родавага паняцьця заключаецца ў зьмесьце відавога паняцьця.

Гэтым мы скончым пералічэньні відаў сынэкдохі. У заключэньне мы павінны сказаць, што сынэкдохай зьяўляецца, наогул, усякая тыповасьць, якая замяняе бясконцыя зьменныя рады рэчаіснасьці; усякі мастацкі вобраз, які яднае шматлікія зьявы жыцьця, які ажыцьцяўляе ў прыватным конкрэтным факце агульнае значэньне, будзе сынэкдохай.

У сувязі з паказаным толькі што значэньнем сынэкдохі, як сродку выражэньня тыповасьці, трэба ўспамянуць аб асобным яе відзе, які ўзьнік на глебе літаратуры і мастацтваў, а іменна: аб антономасіі, г. зн. замене звычайнага альбо ўласнага імені другім уласным.