Калі поруч з новым, пераносным значэньнем стаіць ранейшае, больш звычайнае, калі поруч з тлумачальным вобразам мы ставім і тлумачальнае значэньне, такі від мэтафоры мы называем параўнаньнем.
Па ўзаемным разьмеркаваньні вобразу і пазнаваемага значэньня мы адрозьніваем параўнаньні прэпозытыўныя, у якіх вобраз раней ідзе за значэньне, і параўнаньні позытыўныя, у якіх вобраз ставіцца пасьля значэньня.
Параўнаньні прэпозытыўныя граматычна выяўляюцца злучнікамі як-так: жанкі, мужчыны, дзеці — як рой пчол так і мігацелі, гудучы-гудучы (Ц. Гартны).
У штучнай поэзіі найбольш ужываемым зьяўляецца прыём, які прадстаўляе нешта сярэдняе паміж мэтафорай і параўнаньнем, дакладней, які прадстаўляе параўнаньне, дзе прапушчаны злучнікі як-гэтак.
Ранейшае і новае значэньне слова ставіцца поруч: „ткаў сахою кросны-ролі“ (Я. Колас, Новая зямля); па канаўках-маршчынах (Ц. Гартны). Вельмі часта патрэба ставіць ранейшую назву прадмета альбо паняцьця, на якое перанесена новае слова, устраняецца контэкстам.
Відамі мэтафоры зьяўляюцца таксама ўвасабленьні і алегорыя альбо інасказаньне.
Увасабленьне заключаецца ў перанясеньні слоў і выразаў, якія адносяцца да ажыўленых прадметаў, на неажыўленыя прадметы альбо адцягненыя паняцьці. У поэзіі і нават у звычайнай гутарцы ўвасабленьне ўжываецца на кожным кроку: вецер вые, мора раве і г. д.; своей дремоты превозмочь не хочет воздух (Пушкин); тройца апынулася перад парогам (Ц. Гартны, Сокі цаліны). Набыцьцё дзеясловам здольнасьці маляваць заўсёдную азнаку прадмету, як вынік яго дзейнасьці, прадстаўляе такое-ж увасабленьне (лес чарнее замест лес чорны), хоць мы прывыклі да гэтага і не адчуваем звычайна мэтафорычнасьці дзеясловаў.
Утварэньне граматычнага роду ў іменьнях прадметаў неажыўленых таксама адносіцца да гэтага віду мэтафоры.
Увасабленьне належыць да ліку галоўных поэтычных прыёмаў народнай поэзіі, пераходзячы вельмі часта ў міт. Калі ва ўвасабленьні перастаюць усьведамляцца мэтафорычныя адносіны вобразу і значэньня і яны пачынаюць утоесамлівацца, тады ўвасабленьне становіцца мітам.
Трэці від мэтафоры, алегорыя, зьяўляецца ўжо складаным яе відам. Алегорыю мы можам разглядаць як поўную мэтафору, г. зн. такую, якая ніякага іншага значэньня, апрача мэтафорычнага, не павінна мець.
Прыклад алегорыі прадстаўляе „Телега жизни“ Пушкіна.
Да формаў складанай мэтафоры належыць байка, прытча і пасловіца.