Сказанае намі аб характары гукавых законаў яшчэ раз пацьвярджае важную ролю соцыяльных фактараў у жыцьці мовы. Аказваецца, што ня толькі зараджэньне мовы, але і далейшае яе разьвіцьцё азначаецца ўзаемаўплывам гаворачага і слухаючага. Продуктам уплыву соцыяльных фактараў зьяўляецца рытм. Мы бачылі, нарэшце, што сфэра распаўсюджаньня якой-небудзь моўнай рысы часта азначаецца клясавымі ці станавымі межамі.
Трэба яшчэ дадаць, што мова аказваецца адчувальнай да розных соцыяльна-экономічных і політычных здарэньняў у жыцьці народу. Так, напр., утварэньне вялікага культурнага цэнтру цягне за сабою моўны ўзаемаўплыў паміж ім і падлеглымі яму краінамі: дыялектычная рознастайнасьць іх гутарак пачне адчуваць нівелюючы ўплыў мовы гэтага цэнтру. Ролю такога аб‘ядняючага цэнтру іграў Кіеў, пазьней — Масква, Ленінград, у нас цяпер Менск.
Глыбокія сьляды на мове і, галоўным чынам, на слоўным яе складзе пакідаюць заўсёды войны і рэволюцыі.
Да пытаньня аб ролі соцыяльных фактараў у мове, на значэньне якіх яшчэ ў 70-х г. г. паказаў Нуарэ, зарадзілася асаблівая цікавасьць у вапошні час на Захадзе (у працах Мэйе, Соссюра, Оскара Блоха, ван-Гіннэкэна і інш.). У сваёй цікавай кнізе „Einfuhrung in das Studium der indogermanischen Sprachwissenschaft“ (1921, перакл. з дацкае) адбіваючай стан мовазнаўства на Захадзе ў апошнія гады. Шрыйнэн, стар. 102—123, соцыяльныя фактары падзяляе на няпростыя, продуктам якіх зьяўляецца рытм, і простыя, якія абхапляюць усе іншыя выпадкі ўплыву соцыяльнага моманту. Уплыву апошніх абавязаны адрозьненьні мовы прадстаўнікоў розных профэсій (Wirtschaftssprache, Rechtssprache і г. д.) потым адрозьненьні Volkssprache ад Kultursprache i г. д.
У нас гэтаму пытаньню прысьвечаны артыкул Бараньнікава „Из наблюдений над развитием русского языка в последние годы. 1. Влияние войны и революции на развитие русского языка“ (Учен. Западн. Самар. Универс., вып. 2, стар. 64—68). Аб дзіцячай мове гл. яшчэ кнігу С і W. Stern „Die Kindersprache“, 1920 і працу Рыбнікава „Язык ребенка“ (Педолог. библиот. IV, 1920).
Гукавым законам прысьвечана кніга Вэксьлера „Hiebt es Lautgesetze“, 1900.
З усяго сказанага аб гукавых законах і аб соцыяльных і іншых фактарах у жыцьці мовы ясным становіцца, паміж іншым, што штучным спосабам нельга ўтварыць мову, а галоўнае, нельга такую штучную мову ўвесьці ў агульнае ўжываньне. Штучная мова ніколі ня можа мець ні колеру, ні паху, які мае самая ўбогая мова дзікуноў, бо апошняя ад-