Перайсці да зместу

Старонка:Асноўныя пытаньні мовазнаўства (1926).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

або так званыя новатворы па аналёгіі. Усе галоўныя віды фонэтычных зьмен (асыміляцыя, дысыміляцыя і інш.), як пабачым далей, абумоўліваюцца тым-жа асоцыяцыйным процэсам, з тэй, аднак, розьніцай, што асоцыююцца адно з другім у даным выпадку толькі адны гукавыя ўяўленьні, ня ўступаючы ў асоцыяцыю з элемэнтамі значэньня.

Усе гукавыя зьмены, у свою чаргу, падзяляюцца некаторымі лінгвістымі на „абумоўленыя“ або „комбінацыйныя“, каторыя абумоўлены тымі гукамі, з якімі злучаецца даны гук, і „спонтанэічныя“, якія праходзяць у гуках незалежна ад уплыву суседніх гукаў.

Супроць гэтага падзелу паўстае проф. Томсон, які адмаўляе, наогул, існаваньне спонтанэічных зьмен (Общее языковед., ІІ выд., стар. 246).

Невядомасьць прычын зьмены не азначае яшчэ, па думцы проф. Томсона, што прычыны данае зьмены ня будуць знойдзены. Трэба згадзіцца з думкой проф. Томсона аб тым, што ўсе фонэтычныя зьмены абумоўлены, раней усяго, псыхолёгічнымі прычынамі, але гэтыя зьмены гукаў у некаторых выпадках, аднак, могуць быць незалежны ад уплыву суседніх гукаў. Мы прызнаем існаваньне спонтанэічных зьмен у тым выпадку, калі гэтая назва мае мэту падкрэсьліць толькі незалежнасьць гукавых зьмен ад уплыву суседніх гукаў.

Раней, чым перайсьці да агляду названых агульных відаў фонэтычных зьмен і іх далейшаму падзелу, мы пакажам на агульную прычыну гэтых зьмен.

Агульнай прычынай гукавых зьмен зьяўляецца рознастайнасьць або прастора артыкуляцыі, аб чым мы гаварылі ў пачатку папярэдняга разьдзелу.

Мы ўжо ведаем аб тым, што абазначаныя рознымі альфабэтамі гукі чалавечай мовы зьяўляюцца свайго роду абстракцыяй; у сапраўднасьці-ж чалавечая мова складаецца з бясконцага раду гукаў, якія розьняцца адзін ад другога бясконца малай велічынёй.

Паказаць-жа можна толькі на сталыя пункты, паміж якімі знаходзяцца розныя ступені прамежных гукаў.

Але хоць рознастайнасьць чалавечай мовы дае прастору для гукавых зьмен, гэтыя зьмены, аднак, падлягаюць пэўнай законамернасьці, пэўнаму „гукавому закону“, значэньне якога азначыў Пауль ў сваім „Principien“; гэтае азначэньне прынята ў працах па агульнаму мовазнаўству. На высьвятленьні паняцьця „гукавы закон“ мы затрымаемся, аднак, у канцы гэтага разьдзелу — пасьля таго, як мы азнаёмімся з некаторымі прыкладамі з жыцьця індаэўропэйскіх і слявянскіх моў.

Усе выпадкі абумоўленых або комбінацыйных зьмен могуць быць падзелены на два галоўныя тыпы — процэсы асыміляцыі і дысыміляцыі, якія, у сваю чаргу, падзяляюцца на некалькі відаў.