што літара я ў слове мясо азначае тое самае, што і а ў слове час, а іменна, фонэму а з мяккасьцю папярэдняга зычнага, абазначэньне якой у першым выпадку ўваходзіць у літару я, у другім выпадку адсутнічае. Па тэй самай прычыне чытаньне і разуменьне фонэтычных запісаў для непасьведчаных зьяўляецца вельмі цяжкім.
Расійскі правапіс, як стары, так і новы, можа прывесьці нават да непраўдзівых граматычных уяўленьняў. Так, напр., у падручніках па граматыцы даюцца пад рознымі ўзорамі скланеньні слова цьвёрдага і мяккага адрозьненьня (кон і конь, па стараму правапісу конъ і конь), але ў сапраўднасьці такога адрозьненьня няма; узьнікла яно на аснове зрокавага ўяўленьня, г. ё. у выніку тэй-жа неадпаведнасьці паміж графэмамі і фонэмамі. Літары я, ю ў канчатках коня, коню абазначаюць-жа галосныя а, у з мяккасьцю папярэдняга зычнага. Калі-ж мы дастасуем другі, фонэтычны спосаб абазначэньня палатальнасьці папярэдняга зычнага, тады мы пабачым, што скланеньне слоў кон і кон’ (ко́н—а, кон’—а́, ко́н—у, кон’—у і г. д.) належыць да аднаго й таго самага тыпу. Вось дзеля гэтага проф. Буддэ (Вопросы методологии русского языкознания, стар. 16 і наст.) важным патрабаваньнем мэтодолёгіі выкладаньня лічыць азнаямленьне вучняў з ведамі аб розьніцы паміж нашым вымаўленьнем і пісьмом.
Шмат бліжэй да вымаўленьня стаіць беларускі правапіс, але і ў ім ёсьць выпадкі неадпаведнасьці паміж пісьмом і вымаўленьнем. Напр., аднэй графэме г адпавядаюць дзьве фонэмы: г выбуховае (мазгі) і г фрыкатыўнае (галава); злучэньне літараў: дз у вадным выпадку абазначае афрыкату дз (адзін), у другім выпадку — злучэньне дзьвюх асобных зычных д і з (адзнака). Не адпавядае фонэтычнаму прынцыпу і правапіс зычных. Мы ведаем, што ў белар. мове звонкія зычныя асымілююцца наступным глухім зычным, і наадварот (гл. наступны разьдзел); аднак, на пісьме ў даным выпадку захоўваецца этымолёгічны прынцып. Вымаўляюць ношка, але пішуць ножка. Этымолёгічны прынцып часамі ляжыць у васнове правапісу канчаткаў: пішуць будзе, а не будзя. У вадзнаку ад вымаўленьня пішацца ў у якасьці прыназоўніка ў такіх выпадках як была ў Андрэя, хаця тут паміж галоснымі мы маем в губазубнае, якое звычайна вызначаецца літарай в.