выдыхальных штуршкоў. Але звычайна ў мове словы падзяляюцца на склады, незалежна ад нашай волі, менш поўнагучнымі гукамі. Так, напр., менш поўнагучнае н падзяляе слова яна на два склады. Больш-жа поўнагучны гук зьяўляецца насіцелем складу або прасьцей складовым гукам. У ролі такіх складовых або складавытвараючых гукаў зьяўляюцца раней усяго галосныя, а затым у васобных мовах яшчэ й сонорныя r, l, n. Напр., у чэскім ѵlk ролю складовага грае l, у сэрбскім трг — сонорнае р.
Калі склад складаецца з двух галосных, злучэньне гэтых галосных будзе называцца дыфтонгам: ай, аў, я (=ia). Звычайна складовым зьяўляецца ў дыфтонгах больш поўнагучны галосны, напр. а ў трох прыведзеных дыфтонгах. Але існуюць у некаторых мовах такія дыфтонгі, у якіх з большай сілай вымаўляецца і дзеля таго зьяўляецца і складовым — менш поўнагучны галосны. Такія дыфтонгі называюцца несапраўднымі.
Нескладовыя гукі ў навуковых працах азначаюцца дужкай пад літараю: ai (=ай)
Злучаючы склады ў словы, мы звычайна выдзяляем адзін са складоў або большай сілай гуку, або больш высокім тонам. Такое выдзяленьне аднаго складу з усіх складоў слова называецца націскам. У залежнасьці ад таго, ці выдзяляецца склад сілай гуку або вышынёй тону, мы адрозьніваем эксьпіратарны або выдыхальны і музычны націскі. Першы з іх існуе ў белар., расійск., нямецк. мовах і інш., музычны пераважвае ў стара-індыйскай і стара-грэцкай. У некаторых мовах націск зьмешаны (у сэрбскай, літоўскай).
У шматскладовым слове, апрача галоўнага, ёсьць яшчэ й пабочны націск.
У некаторых мовах націск прымацоўваецца да якога-небудзь аднаго пэўнага складу ў слове, напр., у францускай (заўсёды на апошнім, складзе), у польскай (на прадапошнім), у чэскай (на першым ад пачатку складзе). Калі-ж у мове націск можа прыходзіцца на розных складох слова (напр., у белар. і расійск.), такую ўласьцівасьць мовы называюць вольным націскам.
З шэрагу слоў, якія складаюць сказ, тыміж спосабамі (сілай голасу або вышынёй) выдзяляецца адно якое-небудзь слова. Гэтае выдзяленьне слова са сказу называецца цяпер психічным націскам: раней яго звычайна называлі лёгічным націскам.