РАЗЬДЗЕЛ IV.
Разгледжаныя ў папярэднім разьдзеле гукі чалавечай мовы зьяўляюцца вынікам абстракцыі. Папершае, яны павінны быць выдзелены пры дапамозе аналізу з цэлых слоў, прычым гэтае выдзяленьне ўскладняецца пераходнымі гукамі, якія разьвіваюцца паміж устаноўчымі гукамі. Падругое, тыя гукі, што мы разгледзелі, ствараюць толькі свайго роду абагульненьні, якія атрымаліся ў выніку аддзяленьня непадобных прымет, абумоўленых у розных гуказлучэньнях уплывам розных суседніх гукаў.
І вось мы бачым, што гук у васобным вымаўленьні розьніцца ад гуку ў гуказлучэньнях.
Пры вымаўленьні асобнага гуку органы мовы, выпаўніўшы сваю работу, прымаюць зноў стан пакою; гэтага няма пры вымаўленьні гукаў у гуказлучэньнях; органы бесьперастанку гучаць, паступова пераходзячы да артыкуляваньня наступнага гуку, вынікам чаго і ўтвараюцца прамежныя або пераходныя гукі (Gleitlaute). Так, напр., вымаўленьне злучэньня аі зьяўляецца, у сапраўднасьці, неперарыўнай градацыяй пераходаў ад шырокага галоснага а да вузкага і, каторую навочна можна прадставіць як а… ä… е… і… (кропкамі паміж літарамі я абазначаю тыя прамежныя паміж паказанымі галоснымі гукі, якія ў фонэтыцы звычайна не ўстанаўляюцца і для якіх няма адпавядаючых значкоў або літар).
Віды пераходных гукаў абумоўліваюцца суседнімі гукамі. Але больш важныя тыя зьмены, якія ўносяцца ў стыхію самога гуку з прычыны ўплыву тых-жа суседніх гукаў, у выніку чаго і ствараюцца рознастайныя адценьні вымаўленьня аднаго й таго самага гуку ў рознастайных гуказлучэньнях, якія адхіляюць яго ад гукавога тыпу, каторы мы лічым нормальным.
Так, напр., к у куст і к у кісьць адрозьніваюцца адно ад другога як у анатома-фізыолёгічным (у першым выпадку к зьяўляецца заднянёбным, у другім — сярэднянёбным), так і ў акустычным (у слове куст яно значна ніжэй па тону, чымся к у кісьць). Робіцца гэта дзеля таго, што пры вымаўленьні гуку ў гуказлучэньні пачынаецца псыхолёгічны ўплыў уяўленьня наступных гукаў на вымаўленьне данага