Чарговую групу зычных складаюць зычныя сярэднянёбныя к, г, х, якія вытвараюцца падняцьцем сярэдняй часткі сьпінкі языка да сярэдняга паднябеньня. Такія сярэднянёбныя к, г (двух відаў), х, што ў лінгвістыцы абазначаюцца праз к, g, х, чуюцца перад галоснымі пярэднянёбнымі е, и; расійск. кипи, гибнуть, хитрый, белар. кіпець, хітры і інш.
Трэцюю групу зычных складаюць тыя зычныя, каторыя ствараюцца дакрананьнем языка да пярэдняга або цьвёрдага паднябеньня.
Сюды адносяцца працяжны звонкі ж, працяжны глухі ш, афрыката ч, дж (вядомая ў італ., рум., белар. (хаджу), укр., ангельск. і інш.), і фрыкатыўн. j (у ням. jeder), які лічыцца зычным гукам таму, што ў ім ясна чуваць шум. Гэты зычны j, праўда, надта блізкі да голаснага і, г. ё. да і нескладовага, які абазначаецца пасьля галосных літарай й: мой.
Чарговым этапам у перасуваньні перашкоды, што ствараецца языком, зьяўляюцца верхнія зубы.
У гэтым месцы ствараюцца зычныя выбуховыя д, т, працяжныя з, с і афрыкаты дз і ц.
Апрача пералічаных пярэднянёбных і зубных зычных, у стар.-інд. існавалі яшчэ цэрэбральныя; гэтак называюцца пярэднянёбныя зычныя, якія вытвараюцца кончыкам языка, крыху адагнутым назад. Апошнюю групу зычных складаюць губныя б, п, в, ф. Першыя два гукі зьяўляюцца ўласна-губнымі або білабіяльнымі (ад лацінск. слова bilabiales — двугубныя); другія два — губазубнымі, таму што яны вытвараюцца пры дакрананьні верхніх зубоў да ніжняй губы (labiodentales).
У украінскай, беларускай і ангельскай мовах існуе аднак, і губагубное в, якое вытвараецца пры дакрананьні верхняй і ніжняй губ: другое в у украінск. вовк, ангельск. Wild, якое парасійску ня зусім дакладна перадаецца праз Уайльд. Вельмі цяжка правесьці граніцу паміж гэтым двугубным в і галосным у нескладовым, у бел. пісьме праз ў (ваўкі, зрабіў) перадаецца як ў нескладовае (галосны: у слове ваўкі), так і в двугубнае (зычны: зрабіў).
Адносна гуку ф трэба адзначыць, што ён у прадгістарычныя часы не існаваў у славянскіх мовах. І дзеля гэтага, калі пазьней з іншых моў былі запазычаны словы з гукам ф, шмат якія славянскія мовы аказаліся няздольнымі ўспрыймаць яго, і з гэтае прычыны замянялі яго рознымі іншымі гукамі або гуказлучэньнямі. Так, напр., у беларускай мове замест ф вымаўляецца хв (Хведар), х (хутра) або п (Восіп, Язэп; трапіць). Падобныя замены знаходзім і ў украінскай мове.