Перайсці да зместу

Старонка:Асноўныя пытаньні мовазнаўства (1926).pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

Першыя атрымоўваюцца ў тым выпадку, калі ўмовай вытварэньня шуму зьяўляецца перашкода, якая часова затрымоўвае рух паветра, што выходзіць з лёгкіх.

Скупіўшыся за перашкодай, яно з сілай нішчыць яе, і вынікам зьяўляецца акустычнае ўражаньне выбуху.

Выбуховымі зычнымі ў беларускай мове зьяўляюцца к, г (=g), якое чуецца ў некаторых запазычных словах: ганак, грунт, а ў сапраўды беларускіх словах, па заяве Карскага, пасьля з: мазги, розга (Русск. диалектол., стар. 93), д, т, п, б.

Працяжныя або фрыкатыўныя зычныя (ад лацінск. дзеяслова fricare — церці) атрымоўваюцца ў тым выпадку, калі перашкода ня зусім цэльная, а застаецца для паветранага току вузкая шчыліна, у часе праходу праз яе паветраны ток і выклікае цярцё; вынікам гэтага цярця яўляецца акустычнае ўражаньне працяжнага гуку.

Да працяжных зычных адносяцца г (=h), x; ж, ш; з, с; в, ф.

Ад зьліцьця некаторых выбуховых з некаторымі з працяжных зычных атрымоўваецца група так званых афрыкат або зьлітых зычных: глухая афрыката (ц=тс), звонкая дз (існавала ў некаторых дыялектах стара-славянскае мовы; цяпер існуе ў частцы баўгарскіх гутарак, ва украінскай, беларускай і польскай мовах), глухая ч (=тш), звонкая дж, нямецк. pf (Pferd).

Па месцы перашкоды мы адрозьніваем, папершае, заднянёбныя: к (выбуховы глухі), г=лацінск. g (выбуховы звонкі), х (працяжны глухі) і г=лацінскаму h (працяжны звонкі).

Гэтыя гукі вытвараюцца падняцьцем сьпінкі языка да задняй часткі паднябеньня (да мяккага нёба), г. ё. так званым дорсальным станам языка.

Гэтыя гукі няправільна называюцца часам у школьных граматыках гартаннымі.

Гартанныя гукі таксама існуюць, але яны вытвараюцца пры зусім іншых фізыолёгічных умовах. Так, гартанным фрыкатыўным глухім зьяўляецца моцны прыступ або прыдыханьне перад пачатковым галосным у нямецкай мове; гартаннае х перад а я знашоў у бел. мове: хадзіць, хачу. На гэтую рысу беларускай мовы яшчэ, здаецца, ніхто не зьвярнуў увагі. Адносна г гартаннага ў белар. і украінск. гутарках ужо пісалі мовазнаўцы.

У некаторых з неіндаэўропэйскіх моў (у арабскай і грузінскай) існуе і гартанны выбуховы, які вытвараецца раптоўНым размыканьнем замкнутых галасавых зьвязак. Пры вытварэньні гартанных гукаў язык застаецца ў нормальным стане і не падымаецца да мяккага паднябеньня.