Перайсці да зместу

Старонка:Асноўныя пытаньні мовазнаўства (1926).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

Удала пробуе пагадзіць трыкутную і чатырохкутную схэмы клясыфікацыі галосных проф. Богародзіцкі („Лекции по общему языковедению, 1915, стар. 44 і наст.). Ён дасягае гэтага тым, што, папершае, а зьмяшчае ў сярэднянёбным радзе, падругое, кожную простастаўную графу для больш дакладнага абазначэньня артыкуляцыйных пасаў (зон) разьбівае на дзьве часткі і, такім чынам, атрымоўвае табліцу, дапасаваную да табліцы ў выглядзе трыкутніка. Для нагляднасьці прыводжу яе.

Пярэднія
Сярэднія
Заднія
Верхнія
і
ы
у
Сярэднія
э
о
Ніжнія
a

На гэтай табліцы прапушчана яшчэ ä. Калі б у нас хапіла адвагі аднесьці яго да левай паловы ніжняй рубрыкі сярэднянёбнага раду, то табліца Богародзіцкага прыняла б форму, пагаджаючую чатырохкутную схэму ня з трыкутнай, а з трапэзыяльнай.

Цяпер мы пераходзім да агляду зычных гукаў.

Зычныя гукі.

З акустычнага боку значную частку слухавога ўражаньня ў зычным гуку складае шум. Фізычная прычына шумаў заключаецца у непэрыодычнасьці калыбаньня цела, што вытварае гук. Фізыолёгічна-ж гэты шум абумоўліваецца тым, што органы мовы (язык, губы і зубы) перашкаджаюць голасу або шопату, што выходзіць з лёгкіх.

Такім чынам, характэрнай часткай зычнага шумнага гуку зьяўляецца шум, да якога часам можа далучацца гук голасу. У залежнасьці ад таго, прымае ці ня прымае ўдзел у вымаўленьні гуку голас, мы ўсе шумныя зычныя падзяляем на звонкія і глухія зычныя, што вытвараюцца адной і тэй самай перашкодай і перашкодай аднолькавага роду, але якія розьняцца адзін ад другога толькі ў адносінах да ўдзелу голасу ў іх вытварэньні, зьяўляюцца падобнымі гукамі. Такімі парамі падобных гукаў будуць г, к; ж, ш; д, т; б, п, в, ф; з, с, дз, ц, дж, ч.

Клясыфікуюцца зычныя па роду і па месцы перашкоды.

Па роду перашкоды зычныя гукі мы падзяляем на выбуховыя і працяжныя.