Перайсці да зместу

Старонка:Асноўныя пытаньні мовазнаўства (1926).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чыцца, галоўным чынам, тым, што стварылася моцная комплікацыя рухаў губ з рухамі языка і загэтым робіцца цяжкім аддзяленьне адпаведнай артыкуляцыі языка ад лабіялізацыі. З прычыны некаторай цяжкасьці вымаўленьня, абумоўленай нятрываласьцю стану языка і часткова з прычыны цяжкасьці адрозьненьня ад суседніх станаў — няпоўным зьяўляецца сярэднянёбны рад.

Больш вядомым тыпам сярэдняга раду зьяўляецца ы, але і ён адсутнічае ў шмат якіх мовах; у тых жа мовах, дзе ён існуе, ён выяўляе нахіл да пераходу ў дыфтонг з 2-ой нескладовай часткай, блізкай да і. Гэтае дыфтонгічнае вымаўленьне ы, якое адрозьнівала, мабыць, „праславянскую“ і стараславянскую мовы і якое проф. Кочубінскі адзначыў у сучасных галіцкіх гутарках,[1] проф.-жа Томсон у сучаснай вялікарасійскай мове (Фонетическ. этюды, ас. адб., стар. 39-54) фізыолёгічна і тлумачыцца тым, што язык да канца вымаўленьня гэтага галоснага ня можа ўтрымацца ў трывалым стане і пераходзіць у бок, які больш выгодны і больш прызвычаены для яе — артыкуляваньня гуку і.

І, такім чынам, 36 тэорытычна магчымых тыпаў зводзяцца да больш простай параўнаўча табліцы галосных гукаў.

Разуменьне трываласьці ў даным выпадку зьяўляецца адносным. З гэтых 36 галосных больш трывалымі зьяўляюцца 22 (дакладней, адзінаццаць, з якіх кожны можа мець два адценьні — напружанае і ненапружанае); наступная ступень трываласьці прадстаўлена пяцьма галоснымі i, e, a, o, u; і, урэшце, з апошніх самымі трывалымі зьяўляюцца тры галосныя i, a, u, што складаюць якраз вяршыні трохкутнай схэмы (аб ёй гл. ніжэй). Ляжачыя-ж паміж імі e і o ў вядомай ступені прыхільны да зьмены ў бок гэтых трывалых тыпаў. Так, мы ведаем, што e, o, ва укр. мове дыфтонгізуюцца, у васобных-жа яе падмовах зьявіўшыяся з гэтых доўгіх галосных дыфтонгі пераходзяць у i, u, у праславянскай мове e>ie, урэшце, у старадаўня-індыйскай e і o перашлі ў a, і вось гэта акалічнасьць дала нават повад Шлейхэру зрабіць памылковы вывад аб першапачатковасьці галосных i, u, a ў інда-эўропэйскай прамове (Шлейхэрава тэорыя вокалізму). Па тэй-жа прычыне дзіцё раней пачынае вымаўляць a, i, u.

Ніжэйпаданую табліцу, якая зьяўляецца ўпрошчаньнем табліцы ангельскіх фонэтыкаў, я запазычаю з „Общего языковедения“ проф. Томсона, прычым я скараціў лік прыкладаў і выкінуў ангельскія тэрміны параўнаўча з табліцай, прыведзенай у падручніку проф. Томсона.

  1. Гл. проф. Ляпунова „А. А. Кочубинский и его труды по славянской филологии“. Одесса, 1909, стар. 21-23.