значыць, гэты гук незалежны ад складаных тонаў голасу, і дзеля гэтага проф. Томсон азначае яго, як уласны шум ротавай поласьці.
Пры вытварэньні галоснага голасам мы можам комбінаваць адзін сталы тон рэзонуючай поласьці са зьменным тонам голасу, які і заглушае характэрны тон ротавага рэзонатара; але пры шэптавым галосным толькі гэты тон ротавай поласьці і ўспрыймаецца; стараючыся вымавіць шэптам o на розныя тоны, мы пачынаем, у сапраўднасьці, вымаўляць ужо другія галосныя. У анатома-фізыолёгічным адрозьненьні гэтых новых галосных ад o мы зможам упэўніцца з дапамогай люстра або нават простага цяглічнага (мускульнага) адчуваньня: вымаўляючы o на больш высокія тоны, мы заўважваем, як язык паступова рухаецца ўперад.
Вышыню характэрных шумаў галосных расійскай мовы ўстанаўляюць проф. Томсон у сваіх „Фонетических этюдах“ („Русск. Филологич. Вестник“ за 1905 г.), Шчэрба ў кнізе „Русские гласные в качественном и количественном отношении“ (Спб. 1912) і інш.
Апошні стараецца, паміж іншым, давесьці, што расійскія галосныя звычайна характарызуюцца двума тонамі, прычым гэтаму другому тону Шчэрба надае таксама вялікае значэньне. Так, напр., аказваецца, што першы характэрны тон у ы такі самы, як і ў а, і такім чынам, асновай для адрозьненьня гэтых галосных аднаго ад другога зьяўляецца другі характэрны тон (Русские гласные, стар. 71).
Залежнасьць паміж зьменамі формы ротавай поласьці як рэзонатара і адпаведнымі зьменамі вышыні характэрнага шуму галоснага гуку можа быць выражана ў наступных фізычных законах: пры скарачэньні рэзонатара тон павышаецца, пры падаўжэньні — тон паніжаецца.
Падоўжаньне рэзонуючай ротавай поласьці дасягаецца пры адсуваньні назад прыпаднятай сьпінкі языка (язык прыймае выпуклы або так званы дорсальны стан).
Другі закон, якім устанаўляецца залежнасьць паміж формай ротавай поласьці і вышынёй характэрнага шуму, гаворыць наступнае: пры памяншэньні атворыны рэзонатара тон яго паніжаецца, пры павялічэньні атворыны павышаецца. Гэтым законам тлумачыцца так званая лабіялізацыя, сутнасьць якой у тым, што губы выцягваюцца ўперад і акругляюцца, чым і дасягаецца памяншэньне атворыны губ.
Лабіялізацыі ў некаторых заходніх мовах могуць падлягаць ня толькі галосныя самі па сабе нізкія (о, u), але і высокія як і, е. Такім лабіялізаваным і зьяўляецца франц. u, ням. ü; лабіялізаванае e мы маем у франц. eu і ням. ö.