Перайсці да зместу

Старонка:Асноўныя пытаньні мовазнаўства (1926).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэты музычны тон можа належаць голасу або шэпту.

З анатома-фізыолёгічнага боку галосныя характарызуюцца тым, што пры параўнальна вялікай ступені расчыненьня ротавай поласьці, голас свабодна праходзіць праз яе, не спатыкаючы на сваім шляху ніякіх перашкод, прычым артыкуляцыя языка дорсальная, г. зн. яго сьпінка робіцца больш выпуклай (Sievers, Grundzüge der Phonetik 5,1901, стар. 79). Надаўшы большае значэньне анатома-фізыолёгічнай розьніцы паміж галоснымі і зычнымі, проф. Богародзіцкі (Введение в тюрко-татарское языкознание, 1922, стар. 16 і інш.) першым дае назву ротарасчыняльнікаў, другім ротазмыкацеляў.

Галосныя гукі.

Галоўнай акустычнай умовай адрозьненьня галосных гукаў зьяўляецца, наогул, розьніца вышыні і тэмбру. Калі мы возьмем рад агульных усім мовам галосных a, o, u, i, e, (гукі я перадаю лацінскімі літарамі) і пастараемся разьмеркаваць іх у парадку ўзрастаючай вышыні, то мы нават без дапамогі якога-небудзь экспэрымэнтальнага дасьледваньня разьмяркуем іх у такім парадку: u, o, a, e, i.

Усе яны ў аднолькавай ступені зьяўляюцца чыстымі галоснымі гукамі. Чым-жа ў такім выпадку стыхія аднаго галоснага напр., u, розьніцца ад стыхіі другога галоснага, напр., i?

Каб адказаць на гэтае пытаньне, мы разгледзім спачатку, якія фізычныя і фізыолёгічныя зьявы ляжаць у васнове гэтага разьвіцьця па тэмбру.

Галоўнымі органамі вытварэньня чалавечага голасу зьяўляюцца лёгкія, гартань з дзьвюма цягліцамі, якія прымацованы да яе сьценак і называюцца галасавымі зьвязкамі, і, урэшце, ротавая і насовая поласьці, каторыя, як настаўныя трубы, іграюць ролю рэзонатараў.

Лёгкія мы ўключаем у лік органаў мовы, дзеля таго што чалавек можа гаварыць пастолькі, паколькі выдыхальны ток праходзіць праз гартань і прыводзіць у калыбаньне галасавыя зьвязкі; калі ўсё паветра выйдзе з лёгкіх, чалавек у часе паузы зноў набірае паветра ў лёгкія, каб мець магчымасьць працягваць сваю гутарку.

Пры вольным дыханьні галасавыя зьвязкі аддалены адна ад другой, і голас вольна праходзіць праз шырока расчыненую гартань.

Пры вытварэньні-ж голасу (галосных і звонкіх зычных) галасавыя зьвязкі, як струны, нацягваюцца і датыкаюцца адна другой; сілай націскаючага зьнізу паветранага току яны затым прыводзяцца ў рытмічнае калыбаньне, якое заключаецца ў тым, што яны папераменна то рассоўваюцца, то зачыняюцца.