РАЗЬДЗЕЛ III.
Азначыўшы прыроду слова і разгарнуўшы вобраз яго пахаджэньня, мы разгледзім цяпер процэс далейшага разьвіцьця мовы і вызначым галоўныя прынцыпы гэтага разьвіцьця.
Мова ня ёсьць штосьці мёртвае, нярухомае. Яна вечна жыве, мяняецца, прычым зьменам падлягае як знадворны, гукавы бок, так і ўнутраны бок, г. ё. значэньне слоў, і, найчасьцей, зьмены і таго і другога боку працякаюць незалежна адзін ад другога.
Зьмены знадворнага боку разглядаюцца ў фонэтыцы, зьмены другога роду — у сэмасыолёгіі.
Разглядам гукаў і іх зьмен мы і зоймемся ў гэтым і наступных разьдзелах.
Прадметам нашага вывучэньня зьяўляецца толькі апісальная фонэтыка, якая разглядае, папершае, гукі чалавечай мовы з акустычнага боку і з боку іх вытвору (фізыолёгія гукаў мовы) і, падругое, галоўныя віды гукавых зьмен.
Гістарычным-жа вывучэньнем фонэтычных зьмен у хронолёгічным парадку займаецца гістарычная фонэтыка пэўнай, данай мовы або групы родных моў, якая зьяўляецца ў той-жа час і параўнальнай (аб гэтым глядзі X разьдзел).
Да разгляду гукаў чалавечай мовы і ўмоў іх вытвору мы й пераходзім.
Нязгодныя з тым, што слова зьяўляецца толькі са сказу, як вынік яго расчляненьня і абстракцыі — па тэй прычыне, што словам можа выражацца таксама й цэлае суджэньне, мы лічым, аднак, бясспрэчным погляд на гук, як на вынік расчляненьня асобнага слова.
Гукі чалавечай мовы мы можам разглядаць з двух бакоў: з акустычнага, г. ё. з боку слухавога адчуваньня, і з анатома-фізыолёгічнага, г. ё. з боку ўмоў іх вытварэньня.
Пры ўстанаўленьні па слуху якасных розьніц, мы ўсе гукі чалавечай мовы раней усяго дзелім на дзьве вялікія групы: галосныя і зычныя гукі.
З акустычнага боку розьніца паміж гэтымі групамі зводзіцца да адчуваньня шуму ў зычным, у той час, як галосны гук успрыймаецца вухам, як музычны тон з пэўнай вышынёй, каторай адпавядае вядомы лік калыбаньняў, і з пэўнай ахварбоўкай або тэмбрам.