Такім чынам, для нас цяпер зусім відавочна, што „тэорыя разьвіцьця“ ў канчатковым падрахунку даводзіць, з аднаго боку, права тэорыі натуральнага гуку і, з другога боку, права тэорыі гукаперайманьня, прычым, параўнальна з апошняй тэорыяй, яна зьмяніла толькі погляд на самое разуменьне гукаперайманьня, якое яна прадстаўляе сабе як інстынктыўнае імкненьне выразіць данае прадстаўленьне ў пэўным паказальным або сымболічным жэсьце.
Калі-ж цяпер этымолёгія многіх слоў не знаходзіць сьлядоў гэтага падабенства паміж гукам і прадстаўленьнем, гэта тлумачыцца, зразумела, тымі шматлікімі фонэтычнымі зьменамі, якія перажылі мовы ў сваім разьвіцьці.
Крыніцамі пры вывучэньні пытаньня аб прыродзе слова і яго пахаджэньні могуць служыць, апрача I т. Völkerpsychologie Вундта і цытаванага намі крытычнага артыкулу проф. Ф. Зялінскага аб гэтай працы, яшчэ праца проф. А. Л. Пагодзіна „Язык, как творчество (психологические и социальные основы творчества речи). Происхождение языка“. (Вопросы теор. и психолог. творчества, том IV, Харьков, 1913), і, нарэшце, невялічкая кніжка М. Оппокова „Народно-психологическая грамматика Вильг. Вундта“. Аднэй з новых работ па гэтаму пытаньню зьяўляецца кніга проф. Булахоўскага „Походження та развиток мови“, 1925 г.
Апісаньне процэсу мовы ёсьць таксама ў трэцім разьдзеле „Общего языковедения“ проф. А. І. Томсона.
Посьпех мэтодыкі роднай мовы можа быць гарантаваны толькі тады, калі яе падмуркам будзе зроблена вучэньне аб асоцыяцыйным і аб апэрцэпцыйным характары слова. Асабліва важнае значэньне яно мае для мэтодыкі навучаньня правапісу. Экспэрымэнтальныя дасьледзіны Лая паказалі шкоду дыктантаў, бо калі вучань зробіць адзін раз памылку, яна потым, ня гледзячы на папраўкі настаўніка, застаецца ў памяці, бо ў яго сьвядомасьці добра захоўваецца якраз першае зрокавае і моторна-графічнае прадстаўленьне памылкова напісанага слова. Наадварот, сьпісваньне, якое саправаджаецца вымаўленьнем, дае самыя лепшыя рэзультаты, бо ў даным выпадку ў сьвядомасьць пападае зрокавае прадстаўленьне правільнага з правапіснага боку вобразу слова; гэта зрокавае прадстаўленьне падтрымліваецца яшчэ прадстаўленьнямі — моторна-графічным, слухавым і руху органаў мовы, якія ідуць поруч з ім.