Спачатку чалавечая мова складалася з асобных каранёў, гэтых непадзельных морфолёгічных адзінак. Гэтыя карані-гукі падобна жэстам, можна дзяліць на прэдыкатыўныя або рэальныя і паказальныя або формальныя, адпаведна пераймальным і паказальным жэстам.
Цяпер мы зоймемся пытаньнем аб адносінах першапачатковага гуку чалавечай мовы да значэньня, г. зн. да абазначаемых прадстаўленьняў і пачуцьцяў.
Ці існуе паміж гукам і ўспрыманьнем абавязкова патрэбная ўнутраная сувязь ці, другімі словамі выказваючыся, ці вынікае гук з перайманьня, як сьцьвярджала старая тэорыя гукаперайманьня, ці сувязь паміж прадстаўленьнем і выкліканым ім рэфлектыўным гукам чыста выпадковая і неабавязковая і зводзіцца часта толькі к падабенству ў саправаджаючых і прадстаўленьне і гук адчуваньнях, як меркавала тэорыя натуральнага гуку (Naturlauttheorie).
Гэтае пытаньне, якое, па сутнасьці, зводзіцца да таго-ж пытаньня аб пахаджэньні мовы, было галоўным прадметам старой „філёзофіі мовы“.
Правільнае вырашэньне гэтага пытаньня будзе выцякаць з папярэдніх разважаньняў. Аснованай на аналізе выразных рухаў і аналізе жэстаў тэорыі пахаджэньня мовы Вундт дае назву тэорыі разьвіцьця (Entwickelungstheorie).
Мы ўжо паказалі, як зараджаецца гук.
Ён зьяўляецца раней за ўсё жэстам і вынікае з інстынктыўнага імкненьня паведаміць сваю думку другім індывідам. Усё сказанае аб прыродзе гукавога жэсту дае нам магчымасьць вырашыць пытаньне аб гукаперайманьні. Галоўным матэрыялам служыць для Вундта мова дарослага чалавека; мове-ж дзяцей ён не надае вялікага значэньня, бо шлях разьвіцьця дзіцячае мовы, паводле яго думкі, ня будзе роўналежным разьвіцьцю мовы першабытнага чалавека (онтогэнэзіс мовы дзіцяці ня будзе роўналежным філёгэнэзісу): дзіцячая мова вынікае, галоўным чынам, пад уплывам мовы дарослых.
У мове дарослых мы знаходзім, папершае, выклічнікі, якія зьяўляюцца рэшткамі першапачатковых, альбо, як проф. Зялінскі перакладае вундтаўскае Naturlaute, „прыродных гукаў, потым гукаперайманьні і, нарэшце, гукавыя вобразы.
Спынімся на разглядзе другой і трэцяй катэгорыі слоў.
Да другое катэгорыі, якую можна назваць гукаперайманьнямі ў цесным сэнсе слова, належаць гукі, якія пераймаюць беспасярэдна слухавыя адчуваньні. Да яе можна далучыць, папершае, назвы птушак па тых гуках, якія яны ўтвараюць, як расійскае кукушка, нямецкае Кuckuk, ням. Uhu, лат. bubo — „сава“, расійскае перепел з больш даўняга пелепел, параўн. таксама літ. pútpela, потым назву грому амаль ва ўсіх мовах (рас. і белар. гром, нямецк. Donner і г. д.) і,