Але што прадстаўляе гэтае першапачатковае слова з боку морфолёгічнага складу?
Калі мы зьвернемся да аналізу сучаснага слова, мы ўбачым, што яно складаецца, папершае, з элемэнтаў, што абазначаюць якую-небудзь істотную азнаку данага паняцьця або прадстаўленьня, і элемэнтаў, якімі абазначаюцца адносіны да другіх слоў. Але гэтай складанасьці нельга дапушчаць у першапачатковым гукавым жэсьце. Першапачатковае слова было, такім чынам, коранем, прычым гэтым коранем абазначаліся спачатку рэальныя азнакі зьяў, але потым, з разьвіцьцём мысьленьня і мовы, сталі абазначаць і адносіны паміж зьявамі. Гаворачы іншымі словамі, мы павінны дапушчаць існаваньне асобных роданачальнікаў-каранёў ня толькі для тых частак сучаснага слова, якія мы называем коранямі ў вузкім сэнсе, але і для яго канчаткаў і ўставак.
Адбітак такога прамоўнага стану можна бачыць у кітайскай мове, хоць некаторыя вучоныя, у супроцьлегласьць гэтаму погляду, бачаць у кітайскай мове якраз пазьнейшую стадыю, стадыю ўпадку граматычных форм, якая набліжаецца да сучаснае ангельскае мовы.
Такім чынам, мы павінны прызнаць за каранямі ня толькі абстрактнае, але і рэальнае быцьцё.
Сучасны стан флексыйных моў разьвіўся з больш старадаўняга прадфлексыйнага пэрыоду.
Гіпотэза прадфлексыйнага пэрыоду чалавечае мовы, якая мела шмат прыхільнікаў (Курцыус, Дэльбрюк) выклікае, аднак, пярэчаньні некаторых вучоных. З пярэчаньнем супроць яе яшчэ ў 1874 г. выступіў Потебня, які ў III разьдзеле „Записок по русской грамматике“ кажа, што нельга ад ідэальнага быцьця кораню, як ведамага абагуленьня многіх падобных слоў, заключаць к яго рэальнаму быцьцю.
Вундт, прымаўшы ў „Основаниях физиологич. психологии“ тэорыю об‘ектыўнага быцьця каранёў, — у „Völkerpsychologie“, аднак, адмаўляецца ад гэтай гіпотэзы і насьмешліва параўноўвае яе з залатым векам у мітолёгіі.
Галоўны довад, з якога адыходзіць Вундт, гэта яго погляд на адносіны паміж словам і сказам. Падобна да таго, як слова не зьяўляецца раней сказу, а толькі ў выніку яго расчляненьня, таксама і існаваньне асобнага
слова — кораню не павінна йсьці раней за складанае слова.
Але мы ўжо паказвалі на няправільнасьць погляду Вундта на пахаджэньне слова са сказу.
Слова не зьяўляецца пазьней сказу. Словам можа выяўляцца і непадзельнае прадстаўленьне, з другога боку, яно само і сродак расчляненьня; сказ-жа, між тым, выяўляе ўжо прадстаўленьне, падзеленае на свае часткі,
якія пастаўлены ў лёгічныя адносіны адно да другога.
Падобна гэтаму і складанае слова, што ўладае формальнымі элемэнтамі, якімі выяўляюцца адносіны паміж частковымі прадстаўленьнямі, ня можа йсьці раней кораню, што абазначае цэльную адзінкавую зьяву.
Такім чынам, кордынальная памылка Вундта ў поглядзе як на адносіны паміж сказам і словам, так і на адносіны паміж словам і асобнай морфолёгічнай яго часткаю, што ён правёў роўніцу паміж граматычным і псыхолёгічным аналізам. Падобна да таго, як у псыхолёгіі частковае прадстаўленьне зьяўляецца з агульнага, цэльнага, падобна да гэтага, парашыў Вундт, і слова зьяўляецца са сказу; але тут, аднак, як мы выясьнілі, адносіны адваротныя.